Кіраўнік Акадэміі навук прыдумаў паняцце «беларускі свет» і патлумачыў, што гэта такое
Па словах Уладзіміра Гусакова, гэта паняцце актыўна ўводзіцца ва ўжытак.
12.06.2024 / 13:33
Уладзімір Гусакоў. Фота: БелТА
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў на моладзевым форуме заявіў, што ў абарот уводзіцца новае паняцце — «беларускі свет».
Са слоў Гусакова, яно ўключае ў сябе «цэлую сістэму агульнанацыянальных каштоўнасцяў — ад старажытнай гісторыі і культуры да сучаснай светабудовы, уключаючы традыцыйны светапогляд беларусаў», піша БелТА.
«Сёння «беларускі свет» — не толькі традыцыі слаўнага мінулага, але і годная сучаснасць, упэўненыя пазіцыі ў галіне навукі, культуры, адукацыі, аховы здароўя, міжнароднага супрацоўніцтва, абараназдольнасці, што пераканаўча пацвярджаецца як паўсядзённым вопытам беларускіх грамадзян і нашых гасцей, так і статыстычнымі паказчыкамі і высокімі пазіцыямі ў міжнародных рэйтынгах», — лічыць Гусакоў.
На думку акадэміка, моцным бокам «беларускага свету» застаецца імкненне да кантактаў са знешнім асяроддзем, гатоўнасць успрымаць новы досвед і пераймаць найлепшыя ўзоры.
Гусакоў заявіў, што гістарычны шлях Беларусі мае выключныя асаблівасці. Напрыклад, геаграфічнае становішча, на працягу стагоддзяў было скрыжаваннем некалькіх культур і дзяржаўных утварэнняў, якія ўваходзілі ў вялікія цывілізацыйныя кангламерацыі і вызначалі развіццё еўразійскай прасторы.
Таксама кіраўнік НАН звярнуў увагу на асаблівасці насельніцтва беларускіх тэрыторый, якія ўбіралі ў свой склад прадстаўнікоў розных этнасаў і нацыянальнасцяў, а таксама на набытую з цягам часу высокую ступень устойлівасці беларускага народа да разбуральных умоў транзітнага існавання.
Зараз паняцце «беларускі свет» будуць усебакова і ўзмоцнена вывучаць і асэнсоўваць.