Улады ўсё ж узяліся за жудасныя газеты, якія раскідваюць мінчукам. Справай займаюцца сілавікі

Людзей, якія выдаюць газету, шукаюць.

12.06.2024 / 14:41

Фота: Onliner.by

Апошнім часам многія мінчане знаходзілі ў паштовых скрынях жудасныя газеты «Целебникъ». У гэтым выданні публікуецца дзіўная рэклама рознага роду «цудадзейных сродкаў». Артыкулы часцей за ўсё проста запалохваюць чытачоў, у натуралістычных падрабязнасцях распавядаючы пра выбухі, забойствы і іншыя непрыемнасці, ад наступстваў якіх прапануецца набыць «лекі ад усіх хвароб».

Мінчукі звярталіся ў МАРГ з просьбай разабрацца, аднак там заявілі, што не могуць знайсці выдаўцоў гэтых газет, нягледзячы на тое, што закон яны парушаюць.

Кіраўнік праўладнага Саюза журналістаў, дэпутат Мінгарсавета Андрэй Крывашэеў распавёў, што цяпер справай займаюцца кампетэнтныя органы. На газету яму паскардзіліся жыхары сталіцы, пішуць «Мінск-Навіны».

«Адно з пытанняў тычылася распаўсюду ў горадзе незаконнага друкаванага выдання. Сумна вядомы «Целебникъ», які прапануе лекі ад усіх хвароб па высокіх цэнах. Пытанне знаходзіцца на разглядзе кампетэнтных органаў. Цяпер шукаюць тых людзей і арганізацыі, якія выпускаюць гэтую незаконную брашуру», — распавёў Крывашэеў.

Ён параіў грамадзянам не звяртаць увагі на макулатуру і звяртацца толькі да кваліфікаваных дактароў.

«Мая сястра адрэзала мужу палавы орган. Я сустрэла яе: вочы вар'ята, рукі ў крыві». Мінчанам раскідваюць жудасныя рэкламныя газеты

МАРГ растлумачыў, чаму ніхто не можа забараніць шарлатанскую газету «Целебникъ»

Nashaniva.com