Продажы аўтобусаў МАЗ у Расіі ўпалі амаль у 20 разоў
12.06.2024 / 20:42
У маі 2024 года на расійскім рынку было прададзена ўсяго 8 новых аўтобусаў Мінскага аўтамабільнага завода — у 19,9 разы менш, чым у тым жа месяцы 2023-га (159), вынікае са звестак расійскага агенцтва «АСМ-холдынг», заўважыў «Позірк».
Фота ілюстрацыйнае
За пяць месяцаў 2024 года усяго на расійскім рынку рэалізавана 280 адзінак аўтобусаў МАЗ. У мінулым годзе гэты паказчык быў роўны 522, таму падзенне ўзроўню продажаў у гадавым выражэнні склала 46,7%.
За 2023 год беларускім прадпрыемствам было рэалізавана 925 адзінак гэтага віду транспарту — на 11,1% менш, чым у 2022-м (1040).
Між тым Аляксандр Лукашэнка 9 красавіка на нарадзе па развіцці прамысловасці арыентаваў падначаленых на зусім іншыя паказчыкі:
«Усе чулі, у штогадовым пасланні прэзідэнт Расіі анансаваў, што да 2030 года суб'екты федэрацыі павінны атрымаць каля 40 тыс. аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў, электробусаў. Грошы на гэта выдзеленыя. Задача беларускай прамысловасці — падключыцца і забяспечыць не менш за 30% патрэбных аб'ёмаў».
Праўда, разам з тым ён адзначыў, што «айчынная прадукцыя саступае аналагам як па цане, так і па якасці».
Апошнім часам паведамленні пра тое, што штосьці з беларускай тэхнікі ў розных расійскіх гарадах загарэлася ці сапсавалася нейкім іншым чынам, настолькі частыя, што сталі ўжо будзённасцю.
Чытайце таксама:
МАЗы цяпер гараць і ў Беларусі
У Расіі зноў загарэўся аўтобус МАЗ
Беларускія аўтобусы гараць з-за санкцый і няякаснай зборкі
Як беларускія трамваі гараць і ламаюцца ў Расіі
Вы не паверыце, але ў Расіі згарэў чарговы беларускі аўтобус