Мінкульт наляцеў з рэйдам на незарэгістраваны вечар афрыканскай музыкі
У тэлеграм-канале Міністэрства культуры з'явілася паведамленне аб рэйдзе міжведамаснай «працоўнай групы» ў адну мінскую арт-студыю з мэтай «ажыццяўлення аналізу дзейнасці». На той пляцоўцы ў той дзень адбываўся вечар афрыканскай музыкі, даведаўся Reform.news.
12.06.2024 / 21:55
Здымак ілюстрацыйны. Фота: eventnn.ru
«Прадстаўнікі Міністэрства культуры, структурных падраздзяленняў Мінгарвыканкама, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры, эканомікі, гандлю і паслуг, прадстаўнікі органаў МПЗ і іншыя зацікаўленыя» паехалі на мерапрыемства не проста так, а таму што ім нібыта паступіла інфармацыя пра магчымае парушэнні на ім заканадаўства. І чаканні спраўдзіліся:
«У выніку было ўстаноўлена, што пад выглядам майстар-класа без дазвольных дакументаў праводзілася выступленне калектыва Yankand band і майстра танца Асі Жых у праграме «Перкусійнае танцавальнае пагружэнне». Таксама рабілася актыўная рэклама ў сацыяльнай сетцы Instagram».
У гэты дзень, як даведаўся Reform.news, адна мінская арт-студыя запрасіла гасцей на вечар афрыканскіх традыцыйных рытмаў з удзелам музычнага калектыву Yankand band і танцоркі Асі Жых. Быў прапанаваны фармат майстар-класа з далейшым удзелам наведвальнікаў.
«Гэты вечар адкрые вам дзверы ў дзіўны свет музычных інструментаў з усіх куткоў планеты. Ад афрыканскіх барабанаў да тыбецкіх спяваючых чашаў, ад гукаў дыджэрыду да этна-флейтаў — кожны інструмент раскажа сваю гісторыю», — адзначалася ў анонсе мерапрыемства.
Аднак паводле цяперашняга абноўленага заканадаўства, выступленні любых калектываў павінны быць узгодненыя з дзяржаўнымі структурамі, нават калі яны тычацца афрыканскіх рытмаў. Таму «ў дачыненні да кіраўнікоў арганізацыі складзены пратакол аб парушэнні заканадаўства ў частцы арганізацыі і правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў, а таксама іншых правапарушэннях».
На «Беларусьфільме» працягваюцца чысткі: звольнілі кіраўніцтва дакументальнай студыі «Летапіс»
Па даносе Бондаравай затрыманы сузаснавальнік івэнт-агенцтва «Ружовая зебра»
«Беларусьфільм» зняў мультфільм пра вайну — запаўняць залы дзецьмі будуць адміністрацыйнымі метадамі