Большасць удзельнікаў Каардынацыйнай рады адмовіліся слухаць выступ Ягорава і выйшлі з паседжання
12 чэрвеня прайшло першае агульнае пасяджэнне Каардынацыйнай рады 2-га і 3-га скліканняў. Мерапрыемства праходзіла ў онлайн-фармаце. Але падчас яго не абышлося без скандалу: прадстаўнікі некалькіх спісаў пакінулі пасяджэнне з-за працэдурных парушэнняў, піша Белсат.
13.06.2024 / 09:47
Андрэй Ягораў, архіўнае фота. Фота: ОСЦ
Пачала пасяджэнне беларуская дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская. Яна падзякавала ўсім, хто наважыўся ўзяць удзел у выбарах у Каардынацыйную раду, і выказала жаданне, каб гэты орган стаў платформай не толькі для каардынацыі, але і для кансалідацыі дэмакратычных сілаў.
Святлана Ціханоўская прапанавала ўдзельнікам новага складу КР факусавацца на тым, што аб’ядноўвае, а не дзеліць. Яна паведаміла, што праект Пратаколу ўзаемадзеяння паміж Каардынацыйнай радай, Аб’яднаным пераходным кабінетам і Офісам, ужо падрыхтаваны і ў найбліжэйшы час будзе прадстаўлены на разгляд усіх трох структур. Ціханоўская выказала спадзяванне, што гэты дакумент стане свайго роду «малой канстытуцыяй» дэмакратычнага руху.
Таксама беларуская дэмакратычная лідарка абазначыла напрамкі працы, на якіх неабходна сфакусавацца новаму складу Каардынацыйнай рады. Сярод іх — пытанне палітвязняў, праца ўнутры краіны, міжнародная дзейнасць, пытанне кансалідацыі беларусаў замежжа і праца з дыяспарай, падтрымка Украіны і добраахвотнікаў, а таксама распрацоўка візіі новай Беларусі.
Сыход удзельнікаў
Пасля выступлення Святланы Ціханоўскай слова было перададзена спікеру Каардынацыйнай рады другога склікання Андрэю Ягораву, які стаў знаёміць прысутных з правіламі работы і механізмамі, якія існуюць унутры Каардынацыйнай рады. Аднак падчас ягонай прамовы з онлайн-эфіру пачалі выходзіць удзельнікі некалькіх спісаў. Пры гэтым самае цікавае пачалося не столькі на экране трансляцыі, колькі ў чаце пад ёй.
«У звязку з тым, што арганізатары не прыслухаліся да заявы большасці спісаў адносна парадку дня паседжання — спіс Еўрапейскі выбар пакінуў паседжанне. Усяго выйшлі 4 спісы. Жыве Беларусь», — з’явілася першае паведамленне ў чаце YouTube-канала, на якім транслявалася пасяджэнне. Пазней ідэнтычнае паведамленне з’явіліся ад імя Аліны Коўшык, яшчэ адной прадстаўніцы спісу «Еўрапейская Беларусь».
Павел Латушка (спіс «Каманда Латушкі і Рух «За свабоду») даў у чаце больш разгорнуты каментар, ён падзякаваў Святлане Ціханоўскай за вітанні і пасланне для новай Каардынацыйнай рады і пры гэтым адзначыў, што ягоны спіс «пакінуў пасяджэнне, таму што былы спікер КР Андрэй Ягораў адмовіўся прыслухацца да пазіцыі большасці пры падрыхтоўцы парадка дня сённяшняга пасяджэння».
Больш катэгарычным быў у каментарах адзін з чальцоў спісу «Каманды Латушкі і руху «За свабоду» Андрэй Курэйчык. Ён адзначыў, што ўсе выйшлі з гэтага пасяджэння, бо «Ягораў спрабуе захаваць уладу любой цаной і ціснуць на КР 3-га склікання».
У чым прычына
Як аказалася, напярэдадні пасяджэння ўдзельнікі абраных выбарчых спісаў Каардынацыйнай Рады 3-га склікання выступілі з супольнай заявай, датычнай арганізацыі працы Каардынацыйнай рады, сфармаванай па выніках выбараў 2024 года.
У ёй, у прыватнасці, гаварылася пра тое, што падпісанты прымаюць «за пункт адліку паўнамоцтваў новай Каардынацыйнай рады правядзенне фармальнага сходу 12 чэрвеня 2024, парадак дня якога мусіць быць абмежаваны вітальнымі выступамі прэзідэнткі-элект Святланы Ціханоўскай і прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады 3-га склікання».
«Мы бярэм на сябе адказнасць у фармаванні працоўных органаў і парадку дня першага працоўнага паседжання новай Каардынацыйнай рады. Для рэалізацыі гэтай задачы будзе сфармаваны аргкамітэт, у які мусяць быць вылучаны па адным прадстаўніку ад кожнага спісу, з вагою голаса згодна колькасці працэнтаў, атрыманых па выніках выбараў 2024 года», — адзначалася ў заяве.
Таксама падпісанты заклікалі каардынатараў іншых выбарчых спісаў далучыцца да працы аргкамітэта па арганізацыі першага працоўнага паседжання абранай Каардынацыйнай рады.
Пад заявай паставілі свае подпісы 28 чалавек са спісу «Каманды Латушкі i руху «За Свабоду», 8 чалавек з «Еўрапейскага Выбару», 8 — са спісу «Незалежныя беларусы», 6 — са спісу «Воля» і трое ўдзельнікаў спісу «Хопіць Баяцца».
«Белсат» звязаўся з кіраўніком руху «За свабоду» Юрасём Губарэвічам, каб удакладніць, што на самой справе адбылося падчас агульнага пасяджэння прадстаўнікоў КР 2-га і 3-га склікання.
«Я думаю, пачаць трэба з тлумачэння таго, што згодна з нават дзейным статутам Каардынацыйнай рады не існуе такой працэдуры, як сумеснае пасяджэнне. Бо ўступленне ў свае абавязкі прадстаўнікі Каардынацыйнай рады новага склікання павінны пачынаць з уласнага пасяджэння. Тым не менш, калі такая прапанова паступіла, нам давялося правесці дастаткова сур’ёзныя дыскусіі, бо значная большасць новаабраных прадстаўнікоў не пагаджалася на такое нестатутнае мерапрыемства», — кажа Юрась Губарэвіч.
Паводле кіраўніка руху «За свабоду», некаторых прадстаўнікоў прыйшлося пераконваць у тым, што калі гэтае пасяджэнне пройдзе ў фармаце вітальных словаў, то ў прынцыпе нічога кепскага ў гэтым няма. Менавіта такая прапанова была сфармуляваная ад імя пяці спісаў, агульны колькасны склад якіх сягае дзвюх трацінаў новаабраных прадстаўнікоў КР, і накіраваная ў сакратарыят.
«Але, на жаль, яна была праігнараваная. Нам такім чынам прадэманстравалі, што мы не можам уплываць на фармаванне парадку дня, што рашэнні ўсе прымаюць кіраўнікі папярэдняй Каардынацыйнай рады, якія не лічацца з меркаваннем новаабраных прадстаўнікоў. Канечне, у шэрагу ўдзельнікаў гэта выклікала абурэнне і жаданне проста пакінуць такое паседжанне, дзе іх меркаванне ігнаруецца», — адзначыў Юрась Губарэвіч.
Што да самой заявы ад імя пяці спісаў, адзначае суразмоўца «Белсата», то яна была апублічаная і накіраваная ў сакратарыят, які адносіцца да Каардынацыйнай рады 2-га склікання, і тое, як дадзеная інфармацыя павінна была быць даведзеная да спікера — гэта ўжо ўнутраныя працэдуры КР другога склікання.
Адказаў наш суразмоўца і на крытыку, якая прагучала падчас пасяджэння ў адрас кааліцыі з пяці спісаў аб тым, што яны хочуць захапіць лідарства. Юрась Губарэвіч адзначыў, што яму гэта нагадвае тэзы Аляксандра Лукашэнкі, які раней казаў, што апазіцыя хоча захапіць уладу, а ў 2020 годзе казаў, што большасць грамадства хоча захапіць уладу і паказваў, што меркаванне большасці можна ігнараваць. «Мне здаецца, мы павінны адмаўляцца ад такіх традыцыяў», — адзначыў кіраўнік руху «За свабоду».
На пытанне аб тым, што будзе далей і як не дапусціць да таго, каб сённяшняя сітуацыя прывяла да крызісу ў Каардынацыйнай радзе, Юрась Губарэвіч адказаў, што сам факт дамоваздольнасці дзвюх трацінаў гэтага органу сведчыць пра тое, што ніякіх крызісаў не будзе.
«Гэта сведчыць пра тое, што рашэнні могуць прымацца ў працоўным парадку, натуральна пасля падрабязнага абмеркавання кожнай пазіцыі, у тым ліку абавязкова тых, хто можа апынуцца ў меншасці. Хаця тут яшчэ рана ставіць кропку на канчатковай канфігурацыі. Ёсць спадзяванне, што да канструктыўнай працы будуць далучацца ўсе без выключэння выбарчыя спісы і персанальна сябры Каардынацыйнай рады», — адказаў Юрась Губарэвіч.
Лукашэнка пракаментаваў выбары ў Каардынацыйную раду
Гурневіч пра выбары ў Каардынацыйную раду: Беларусы паказалі чырвоную картку гульні ў бюракратыю
Названыя 80 асобаў, якія будуць засядаць у новай Каардынацыйнай радзе
Вынікі галасавання ў Каардынацыйную раду: перамог спіс Латушкі з 35%