Уладзіміра Кара-Мурзу этапавалі з Омскай калоніі ў невядомым кірунку
Расійскі палітык адбывае 25-гадовы тэрмін нібыта за «здраду дзяржаве».
13.06.2024 / 14:03
Уладзімір Кара-Мурза, фота AP
Расійскага палітыка Уладзіміра Кара-Мурзу, які адбывае зняволенне ў Омскай калоніі № 6, этапавалі ў невядомым кірунку, паведамляе «Медуза».
Хамоўніцкі суд Масквы 13 чэрвеня павінен быў разгледзець скаргу Кара-Мурзы на бяздзейнасць Следчага камітэта ў сувязі з заявамі палітыка аб двух замахах на яго забойства. У судзе слухачам і адвакату Марыі Эйсмант паведамілі, што пасяджэнне не адбудзецца, паколькі Кара-Мурзы няма ў Омскай ВК-6.
Уладзімір Кара-Мурза перажыў два атручэнні ў маі 2015 года і лютым 2017 года. Расследаванне Bellingcat і The Insider паказала, што за замахамі стаяла група супрацоўнікаў ФСБ, якая, як мяркуецца, арганізавала атручэнне Аляксея Навальнага.
Кара-Мурза звяртаўся ў Следчы камітэт з просьбай завесці крымінальную справу па артыкуле аб замаху на забойства, але гэтага не адбылося. Пасля выхаду расследавання ён падаў яшчэ адну заяву, а пазней звярнуўся ў суд у сувязі з бяздзейнасцю СК. У канцы мая 2024 года Масгарсуд адхіліў апеляцыйную скаргу палітыка на рашэнне Замаскварэцкага суда, які прызнаў адмову СК у завядзенні справы законнай.
У красавіку 2023 года Кара-Мурзу прысудзілі да 25 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, прызнаўшы вінаватым па артыкуле аб дзяржаўнай здрадзе, супрацоўніцтве з «непажаданай» арганізацыяй і распаўсюдзе «фэйкаў» пра войска.
Нагадаем, што этап Аляксея Навальнага з калоніі ва Уладзімірскай вобласці ў калонію за Палярным колам скончыўся смерцю палітыка.