Прэмія Гедройця распачынае новы сезон

Арганізатары прэміі імя Ежы Гедройця за найлепшую арыгінальную кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы і выдадзеную ў 2023 годзе абвяшчаюць пачатак прыёму заявак, паведамляе bellit.info.

13.06.2024 / 14:21

Пераможца мінулага года Ганна Кандрацюк

Намінаваць кнігі на ўдзел могуць самі аўтары, выдавецтвы, творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, літаратурныя СМІ, аргкамітэт прэміі і сябры журы. Для гэтага неабходна запоўніць адпаведную форму.

Заяўкі прымаюцца да 4 ліпеня ўключна.

Арганізатары конкурсу звяртаюць увагу, што ў статуце прэміі адбыліся змены, больш падрабязна з якімі можна ў абноўленым статуце і рэгламенце.

Патрон прэміі — Ежы Гедройць, вядомы публіцыст, палітык і паслядоўны прыхільнік добрасуседскіх зносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой, Украінай.

Прэмія ўручаецца з 2012 года за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай і дакументальнай прозы і на сённяшні дзень яна стала галоўнай незалежнай літаратурнай узнагародай Беларусі. Пераможцы апошніх трох гадоў — Ева Вежнавец з кнігай «Па што ідзеш воўча» (2021), Сяргей Абламейка з творам «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая» (2022), Ганна Кандрацюк з працай «У прысценках старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» (2023).

Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы Амбасады Польшчы і Польскага інстытута ў Мінску.

«Ніхто ў свеце ўжо не піша рамантычных твораў». Размова з пісьменніцай Ганнай Кандрацюк, якая сёлета атрымала прэмію Гедройця

Nashaniva.com