Літоўскі беларусафоб назваў Пазняка «нацыстам» і пратэстуе супраць яго выступу ў Вільні
Літоўскі журналіст Альгіс Раманаўскас апошнім часам упадабаў змаганне з «беларускай пагрозай». Раней ён называў беларусаў «біямасай» і адмаўляў існаванне беларускай нацыі, а гэтым разам пад ягоны прыцэл трапіў Зянон Пазняк, які 15 чэрвеня збіраецца правесці сустрэчу з беларусамі ў Вільні.
13.06.2024 / 19:35
Зянон Пазняк на святкаванні 105-годдзя абвяшчэння БНР у Варшаве. Фота: Павел Хадзінскі
Пабачыўшы ў фэйсбуку анонс сустрэчы Пазняка, які выставіў актывіст Ілля Міронаў, Раманаўскас напісаў пост, у якім прадставіў беларускага палітыка «нацыстам» і параўнаў яго чамусьці з Уладзімірам Жырыноўскім:
«Літоўская дзяржава прымае на сваёй тэрыторыі адкрыта антылітоўскага беларускага нацыста, як адкрытым тэкстам ставіць пад пытанне тэрытарыяльнае адзінства Літоўскай Рэспублікі.
Гэты чалавек — такі самы, як Жырыноўскі. Пазняк нацыст, мярзотнік. Ці можна што-небудзь зрабіць, каб нацыст не трапіў у нашу краіну, ці прынамсі ў тое месца, дзе збіраецца вярзці сваю антылітоўскую туфту?»
Сустрэча, якая трывожыць літоўскага беларусафоба, мае адбыцца 15 чэрвеня ў 15:00 у віленскім Доме нацыянальных аб'яднанняў на вуліцы Раўгіклас (Raugyklos), 25. На гэтай сустрэчы Зянон Пазняк разам са сваім найбліжэйшым паплечнікам Паўлам Вусавым, як анансуецца, «выступяць з выкладам праграмы будаўніцтва будучай вольнай Беларусі ў кантэксце перспектывы новай Усходняй Еўропы».