Пачынаецца завочны суд над Вольгай Карач, Веранікай Цапкала і яшчэ трыма дзеячамі. Вось што іх яднае

Палітыкаў абвінавачваюць па пяці артыкулах, сярод якіх «змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады» і «дыскрэдытацыя Беларусі». Ім пагражае да дванаццаці гадоў завочна.

14.06.2024 / 08:17

На фота злева направа знізу ўверх: Вераніка Цапкала, Вольга Карач, Вадзім Дзмітранок, Яўген Вільскі, Анатоль Котаў

Каго абвінавачваюць?

У гэтай «спецыяльнай вытворчасці» аказаліся пяцёра чалавек. Сярод іх Вераніка Цапкала і Вольга Карач, дакладна вядомыя нашым чытачам.

Яўген Вільскі — даўні актывіст і намеснік старшыні «Народнай Грамады». У 2020-м кіраваў ініцыятыўнай групай Святланы Ціханоўскай у Наваполацку.

Яўген Вільскі. Фота «Радыё Рацыя»

Вадзім Дзмітранок — мінскі архітэктар. Быў брутальна затрыманы і моцна збіты 15 лістапада 2020, падчас акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Два дні правёў у лякарні хуткай дапамогі, згубіў бізнэс. У выніку 17 сакавіка 2021-га яму прысудзілі тры гады «хіміі», і ён эвакуяваўся з Беларусі. Застаецца актыўным у эміграцыі.

Вадзім Дзмітранок. Фота: фэйсбук

Анатоль Котаў — колішні дзяржслужачы. Працаваў у МЗС, Адміністрацыі Лукашэнкі, Кіраўніцтве спраў Лукашэнкі, НАК, быў намеснікам дырэктара фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў». Падтрымаў рух за свабодныя выбары і звольніўся.

Анатоль Котаў падчас працы ў «Дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў». Фота: БелТА

За што іх судзяць?

Фігурантаў справы аб'ядноўвае толькі адно — удзел у Форуме дэмакратычных сілаў, які склікалі Цапкала і Карач у Берліне ў ліпені 2022, а таксама іх абранне ў Нацыянальны савет, які мусіў быць альтэрнатыўным парламентам у эміграцыі замест КР. Форум быў задуманы як супрацьвага канферэнцыі «Новая Беларусь», арганізаванай Офісам Святланы Ціханоўскай.

Форум дэмакратычных сіл у Берліне. Фота: belarusforum.org

У якасці «легітымнага лідара» туды запрасілі на той момант 85-гадовага Сямёна Шарэцкага, апошняга кіраўніка Вярхоўнага савета Беларусі — гэта асабліва падкрэсліў Анатоль Котаў.

У 1999-м Шарэцкі быў у сітуацыі, чымсьці падобнай да той, што адбылося са Святланай Ціханоўскай — апазіцыйныя сілы прызначылі яго в.а. прэзідэнта Беларусі праз тое, што па канстытуцыі 1994-га мусіў скончыцца тэрмін Лукашэнкі.

Сямён Шарэцкі. Скрыншот з YouTube

З гэтай ганаровай пасадай ён выехаў у Вільню і быў там прызнаны за легітымнага кіраўніка Беларусі, да яго нават прыставілі ахову. З задумы мала што выйшла, і ў 2001-м Шарэцкі выехаў у ЗША. У 2021-м выдаў кнігу «Лукашызм і яго злачынствы».

Вынікі ініцыятываў Форума дэмсілаў невядомыя — Нацыянальны савет неўзабаве раскалоўся, а выбары ў протапарламент, якія мусілі прайсці сярод жыхароў Беларусі, не адбыліся.

Калі пачнецца суд і ў чым іх вінавацяць?

Групу палітыкаў абвінавачваюць па пяці артыкулах — «змова або іншыя дзеянні з мэтай захопа дзяржаўнай улады» (ч. 1 арт. 357 КК), «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК), «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання» (ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК), «дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» (арт. 369-1 КК, Карач і Цапкала) і «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК, толькі Цапкала).

Усім абвінавачаным пагражае да 12 гадоў калоніі. Суд над групай пачнецца 25 чэрвеня.

«У Цапкалы нейкая выпадковасць у бачанні будучай Беларусі, а вось у Веранікі вялікі патэнцыял» — Кныровіч

Беларускія анархісты наракаюць, што Вольга Карач спрабуе стаць галоўнай анархісткай краіны

Спявачку Ляўчук і блогера Павука будуць завочна судзіць па 14 артыкулах Крымінальнага кодэкса

Nashaniva.com