За паўтара месяцы да Алімпіяды ў Сене выявілі кішачную палачку
Бактэрыі здольныя выклікаць дыярэю і нават развіццё менінгіту.
15.06.2024 / 12:42
Фота: AP Photo/Thomas Padilla, File
У рацэ Сена, якая перасякае Парыж, дзе праз паўтары месяцы пройдуць заплывы алімпійцаў, выявілі небяспечны ўзровень кішачнай палачкі і энтэракокаў, піша Расійская служба Радыё Свабода са спасылкай на групу маніторынгу якасці рачной вады.
Бактэрыі, здольныя выклікаць дыярэю і нават развіццё менінгіту, выяўляліся ў пробах вады на працягу ўсяго першага тыдня чэрвеня — пасля працяглых залеваў у Парыжы. AP тлумачыць, што дажджавая вада трапляе ў каналізацыйную сістэму і, каб прадухіліць затапленне вуліц, яе лішкі выводзяцца ў Сену. Па той жа прычыне спаборніцтвы па плаванні ў Сене ўжо адмянялі ў мінулым жніўні.
Купацца ў Сене ў асноўным з-за яе забруджанасці было забаронена больш за сто гадоў. Для вырашэння праблемы ў маі было адкрыта падземнае вадасховішча, здольнае змясціць 50 тысяч кубаметраў вады падчас моцных дажджоў.
Міжнародны алімпійскі камітэт не губляе ўпэўненасці ў тым, што алімпійскія спаборніцтвы па плаванні ўсё ж такі пройдуць у Сене побач з Эйфелевай вежай. Мэр Парыжа Ан Ідальго нядаўна паўтарыла сваё абяцанне выкупацца ў Сене перад пачаткам спаборніцтваў.
Летнія Алімпійскія Гульні ў Парыжы пройдуць з 26 ліпеня па 11 жніўня. Першыя заплывы алімпійцаў у Сене плануюцца 30 ліпеня.
На Алімпіядзе-2024 у Парыжы выступяць максімум 28 беларускіх спартоўцаў. І гэта катастрафічна мала
Латушка расказаў, як спрабавалі вызваліць палітвязняў у абмен на допуск Беларусі да Алімпіяды
НАК не будзе забараняць беларускім спартсменам удзельнічаць у Алімпіядзе-2024