У Нідэрландах затрымалі беларуса, які з нажом накінуўся на людзей
Ён паспеў параніць траіх мужчын.
16.06.2024 / 18:02
Фота: rtvoost.nl
44-гадовы грамадзянін Беларусі затрыманы ў Нідэрландах па падазрэнні ў нанясенні нажавых раненняў траім мужчынам, паведамляе партал rtvoost.nl.
Паводле інфармацыі выдання, інцыдэнт адбыўся ў горадзе Дэвентэр.
Адзначаецца, што ў памяшканні транспартнай кампаніі пачалася бойка, падчас якой адзін з удзельнікаў «схапіў нож і размахваў ім».
Сярод пацярпелых двое замежнікаў 46 і 38 гадоў, а таксама 43-гадовы мясцовы жыхар. Падкрэсліваецца, што яны атрымалі лёгкія раненні, але былі шпіталізаваныя.
Падазраваны беларус уцёк з месца здарэння, яго затрымалі ўвечары 16 чэрвеня.
Праводзіцца расследаванне, паліцыяй апытаныя сведкі і прагледжаныя запісы камер.