Зяленскі назваў умову міру з Расіяй

«Расія хоць заўтра можа пачаць з намі перамовы».

16.06.2024 / 18:33

Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі па выніках мірнага саміту ў Швейцарыі. Скрыншот трансляцыі

Расія можа хоць заўтра пачаць мірныя перамовы з Кіевам, калі выведзе войскі з украінскіх тэрыторый, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на прэс-канферэнцыі па выніках мірнага саміту ў Швейцарыі.

«Расія хоць заўтра можа пачаць з намі перамовы, калі яе войскі выйдуць з нашых тэрыторый», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Украінскі лідар таксама пракаментаваў умовы для мірных перамоваў, якія перад пачаткам мірнага саміту вылучыў Уладзімір Пуцін: вывесці войскі з Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей, нейтральны статус Украіны, яе «дэмілітарызацыя» і «дэнацыфікацыя».

«Тут, за кулісамі, амаль усе казалі, што адным гэтым мэсэджам Пуцін перадаў усяму свету, што ўсё, што ён да гэтага казаў пра жаданне скончыць вайну, памножана на нуль. Пра гэта казалі ўсе краіны, нават тыя, якія маюць іншы погляд ці мелі. І гэта таксама вялікі поспех. Часам памылкі ворага — гэта таксама поспех», — пракаментаваў ультыматум Пуціна Зяленскі.

Акрамя таго, прэзідэнт Украіны заявіў, што прысутнасць Расіі на другім мірным саміце будзе азначаць, што Масква хоча міру і што яна вырашыла скончыць вайну.

«Ці сама яна гэтага захоча, ці яе прымусіць сусветная супольнасць — для нас усё роўна. Для нас важны вынік — заканчэнне гэтай вайны», — заявіў Зяленскі.

У Швейцарыі стартуе двухдзённы саміт, прысвечаны абмеркаванню ўкраінскай «формулы міру». Ці прынясе ён мір?

Удзел у Саміце міру пацвердзілі каля 90 краін і міжнародных арганізацый

Зяленскі ўгаварыў Саудаўскую Аравію ўзяць удзел у Саміце міру

Nashaniva.com