Туск: Прыцягненне ў Польшчу беларускіх і расійскіх айцішнікаў дапамагло стварыць «замежную агентуру»
Прэм'ер-міністр Польшчы раскрытыкаваў міграцыйную палітыку мінулага ўрада.
16.06.2024 / 18:59
Дональд Туск. Фота: AP, Petr David Josek
Пра гэта польскі палітык напісаў у сваім у твітары.
«Такім чынам, яшчэ раз. Яны [папярэдні ўрад] увозілі сотні тысяч мігрантаў з Азіі і Афрыкі (адначасова зарабляючы на візах), а таксама расійскіх і беларускіх айцішнікаў, дапамагаючы будаваць замежную агентуру. Яны хочуць прыкрыць гэта расісцкай прапагандай. Яны разлічваюць на кароткую памяць і сілу свайго крыку», — напісаў Туск.
Як нагадвае «Люстэрка», 26 студзеня стала вядома, што беларусы больш не змогуць атрымаць польскія візы Poland. Business Harbour. Рашэнне аб прыпыненні ўдзелу МЗС Польшчы ў праграме прыняў міністр Радаслаў Сікорскі. Дыпламатычнае ведамства заявіла, што праграма не будзе адноўлена «да таго часу, пакуль не будуць прыняты рашэнні па забеспячэнні належнай праверкі кампаній і замежнікаў, якія з'яўляюцца яе бенефіцыярамі».
«Паводле ацэнкі Міністэрства замежных спраў, праграма Poland. Business Harbour не апраўдала ўскладзеных на яе надзей. Сярод іншага, у грамадскай прасторы былі выказаны пярэчанні праз выкарыстанне віз, выдадзеных у рамках праграмы, з мэтамі, несумяшчальнымі з яе ўмовамі», — гаворыцца ў паведамленні.
У першым паўгоддзі 2023 года па праграме PBH у Польшчу ўехалі 1243 замежнікі, а ў другой палове мінулага года — 1185. Усяго ж з пачатку дзеяння праграмы ў краіну рэлацыраваліся 13,5 тысячы. Пры гэтым агульная колькасць такіх віз склала каля 100 тысяч.
Праграма Poland. Business Harbour першапачаткова была створаная ў 2020 годзе для грамадзян Беларусі — айцішнікаў і іхніх сем'яў, якім давала шэраг ільгот. Праз год яе дзеянне было пашырана на грамадзян Украіны, Грузіі, Малдовы, Арменіі, Расіі і іншых краін — усяго іх 44.
Аднак пераважная большасць уладальнікаў IT-віз — усё роўна беларусы: па ацэнцы польскіх палітыкаў, такіх каля 65 тысяч чалавек.
Беларус арганізаваў нелегальную міграцыю ў Польшчу як мінімум 2000 чалавек