Рада бяспекі збіраецца вымяраць давер насельніцтва да Лукашэнкі

Дзяржаўны сакратар Рады бяспекі генерал-лейтэнант Аляксандр Вальфовіч распавёў пра новыя крытэрыі ацэнкі рызык у сферы палітычнай бяспекі. 

18.06.2024 / 15:05

Аляксандр Лукашэнка. Фота: АР

Паводле яго слоў, засталося, як і было раней, пяць індыкатараў ацэнкі палітычнай бяспекі. Аднак акрамя іх маецца звыш 25 крытэрыяў, якія даюць больш рэальную карціну.

«Напрыклад, з'явіліся працэнтныя суадносіны па такіх крытэрыях, як давер насельніцтва да кіраўніка дзяржавы, давер да органаў улады і іншых інстытутаў дзяржкіравання. Гэта канкрэтныя методыкі, распрацаваныя на падставе навуковых распрацовак», — кажа Вальфовіч. 

Дзяржсакратар Рады Бяспекі таксама дадаў, што ўвесь час аналізуецца не толькі сітуацыя ўнутры краіны, але і тое, што адбываецца за нашымі межамі.

«Крытэрыі ацэнкі замежнапалітычнай сітуацыі (тое, што адбываецца за мяжой, і тыя пагрозы, якія фармуюцца ў дачыненні да нашай краіны) у палітычнай сферы за межамі мяжы таксама ўлічваюцца», — дадаў ён.

Таксама новыя індыкатары з'явіліся і ў новай сферы — біялагічнай бяспекі. Паводле Вальфовіча, вызначаны пяць стратэгічных напрамкаў, па якіх будуць выпрацоўвацца канкрэтныя рашэнні. Каардынатарам вызначана Міністэрства аховы здароўя.

Nashaniva.com