Забойца наведвальнікаў ЛГБТ-клуба ў Каларада атрымаў 55 пажыццёвых і яшчэ 190 гадоў

Пры гэтым 24-гадовы Андэрсан Олдрыч пайшоў на супрацоўніцтва з абвінавачваннем і прызнаў віну па дзясятках пунктаў, і гэта дазволіла яму пазбегнуць смяротнага пакарання. Да таго ж ён лічыць сябе небінарнай асобай.

19.06.2024 / 07:39

Фота: AP Photo/David Zalubowski, File

Малады амерыканец, які лічыць сябе «небінарнай» персонай і два гады таму расстраляў наведвальнікаў ЛГБТ-клуба ў штаце Каларада, у аўторак быў прысуджаны да 55 пажыццёвых зняволенняў і яшчэ 190 гадоў турмы, піша Бі-бі-сі.

Пры гэтым 24-гадовы Андэрсан Олдрыч пайшоў на супрацоўніцтва з абвінавачваннем і прызнаў віну па дзясятках пунктаў, і гэта дазволіла яму пазбегнуць смяротнага пакарання.

Акрамя таго, справа, па якой у аўторак абвясцілі прысуд, была федэральнай, а па справе на ўзроўні штата Олдрыч яшчэ ў мінулым годзе атрымаў пяць пажыццёвых заключэнняў і 46 разоў па 48 гадоў, таксама пайшоўшы на здзелку са следствам.

Акруговая суддзя Шарлота Суіні, агучваючы прысуд, нагадала, што Андэрсан Олдрыч, акрамя іншага, прызнаў, што адкрыў агонь па наведвальніках клуба з-за «іх рэальнага або суб'ектыўнага палавога самавызначэння і сэксуальнай арыентацыі».

Андэрсан Олдрыч, па словах яго адвакатаў, лічыць сябе небінарнай (адпрэчвае строгае дзяленне людзей на два полы) асобай і пазначае сябе займеннікам «яны», якое ў сучаснай англійскай выкарыстоўваецца, у прыватнасці, калі не вядомы пол чалавека, пра які ідзе гаворка.

Олдрыч сам неаднаразова наведваў Club Q у горадзе Каларада-Спрынгс, дзе ён 19 лістапада 2022 года адкрыў стральбу, забіўшы пяць чалавек і параніўшы яшчэ 19.

Ён страляў, пакуль яго яшчэ да з'яўлення паліцыі не здолелі абясшкодзіць наведвальнік клуба, былы вайсковец Рычард Ф'ера і яшчэ двое.

Пракуроры на судзе казалі, што Олдрыч да гэтага з нянавісцю выказваўся пра людзей з ЛГБТ-супольнасці і пра паліцыю.

У Варшаве затрымалі шасцярых беларусаў, якія пратэставалі супраць ЛГБТ-парада

У Грузіі кіроўная партыя ўнесла ў парламент пакет законаў супраць ЛГБТ

«Журы хацела нейкай драмы». ЛГБТ-актывіст з Беларусі выступіў на папулярным польскім шоу

Nashaniva.com