Дызайнеры распрацавалі адзенне з жэлаціну

Калі сукенка з жэлаціну выйдзе з моды, яе можна растварыць у гарачай вадзе, а затым стварыць новую тканіну.

19.06.2024 / 21:06

Ілюстрацыйнае фота

Як паведамляе выданне Science Daily, вучоныя з Універсітэта Каларада (ЗША) распрацавалі машыну, якая прадзе тэкстыльныя валокны з такіх матэрыялаў, як жэлацін. Сцвярджаецца, што новыя «біявалокны» па адчуваннях нагадваюць тканіну з лёну. Пры гэтым яны раствараюцца ў гарачай вадзе.

Распрацаваная вучонымі машына каштуе каля 500 долараў і лёгка змяшчаецца на стале. Спачатку сумесь жэлаціну раствараецца ў пластыкавым шпрыцы, затым з яго выціскаюцца кропелькі сумесі, якія два ролікі расцягваюць у доўгія валокны. Атрыманыя валокны праходзяць праз водныя ванны, у якія можна дадаць фарбавальнік ці дабаўкі, якія зробяць іх мацнейшымі.

Аўтары спадзяюцца, што іх вынаходка дапаможа любому чалавеку эксперыментаваць са стварэннем уласных біявалокнаў. Яны запэўніваюць, што можна наладзіць трываласць і эластычнасць валакна і выбраць колер.

Новая распрацоўка павінна дапамагчы вырашыць праблему перапрацоўкі адкідаў. Як вядома, штогод на звалку выкідаюцца дзясяткі мільёнаў тон тэкстылю. Акрамя гэтага, марнуецца і маса жэлаціну, вырабленага з костак жывёл, які не адпавядае патрабаванням да касметыкі ці прадуктаў.

Аўтары сцвярджаюць, што можна змяніць хімічны склад валокнаў і зрабіць іх больш пругкімі. Гэта дапаможа, напрыклад, куртцы, вырабленай з выкарыстаннем такога валакна, не растварацца пад дажджом. У якасці сыравіны разглядаюцца і іншыя натуральныя інгрэдыенты, якія звычайна ідуць у адкіды, напрыклад, хіцін з крабавых панцыраў ці агар-агар з багавіння.

Вучоныя абяцаюць, што неўзабаве поначы будзе бачыць кожны чалавек

Вучоныя стварылі для людзей рабатызаваны шосты палец

Навукоўцы плануюць змяшчаць у вочы сонечныя батарэі

Антось Жупран