«Расія ўжо адпраўляе першыя групы на марскія курорты КНДР». Пра што дамовіліся кіраўнікі КНДР і Расіі
Выступаючы ў Пхеньяне, Уладзімір Пуцін распавёў, якімі дасягненнямі ў сваіх адносінах ганарацца Расія і КНДР і пра што дамовіліся ў часе цяперашняга візіту расійскага кіраўніка ў КНДР.
19.06.2024 / 14:40
Уладзімір Пуцін у Пхеньяне. Фота: kremlin.ru
Уладзімір Пуцін і Кім Чэн Ын у Пхеньяне заключылі дамову аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве паміж Расіяй і КНДР, паведамляе прэс-служба Крамля. На прэс-канферэнцыі пасля падпісання пагаднення прэзідэнт РФ заявіў, што новая дамова прадугледжвае аказанне ўзаемнай дапамогі ў выпадку агрэсіі супраць аднаго з удзельнікаў. Ён таксама зазначыў, што Расія «не выключае для сябе ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з КНДР у адпаведнасці з падпісаным дакументам».
Лідар КНДР Кім Чэн Ын у сваю чаргу сказаў, што заключаны паміж краінамі дагавор мае «выключна міралюбівы і абарончы характар» і закліканы абараняць і адстойваць інтарэсы народаў дзвюх краін. «Не сумняваюся ў тым, што ён стане рухаючай сілай, якая паскарае стварэнне новага шматпалярнага свету. Час змяніўся. Таксама змяніўся статус КНДР і РФ у сусветнай геапалітычнай структуры», — дадаў Кім Чэн Ын.
Новая дамова прыйшла на змену асноўным дакументам паміж Расіяй і Паўночнай Карэяй, якія падпісвалі лідары краін у 1961, у 2000 і 2001 гадах.
Акрамя таго, у рамках дзяржаўнага візіту Пуціна ў Паўночную Карэю былі падпісаны міжурадавыя пагадненні аб супрацоўніцтве ў сферы аховы здароўя, медыцынскай адукацыі і навукі, а таксама будаўніцтве пагранічнага аўтамабільнага моста.
Як піша Shot, Пуцін заявіў, што «абʼектыўная пазіцыя КНДР па Украіне пацвярджае суверэнны курс гэтай краіны», «Расея і КНДР паслядоўна адстойваюць ідэю фармавання больш справядлівага, шматпалярнага светабуду».
На думку кіраўніка Расіі, «запушчаны ЗША рэжым санкцый Рады Бяспекі ААН у дачыненні да КНДР павінен быць перагледжаны».
А Расія, паводле яго заявы, ужо адпраўляе першыя групы на марскія курорты КНДР.
Уладзімір Пуцін другі раз наведаў Пхеньян. Упершыню ён быў з візітам у КНДР у 2000 годзе.
Карэйскае агенцтва расказала пра сустрэчу беларускага дыпламата з паўночнакарэйскім калегам