У Чарнігаве паставяць мемарыяльную шыльду Кастусю Каліноўскаму з цытатай па-беларуску

«Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ ня будзе».

19.06.2024 / 17:46

У Чарнігаве з'явіцца мемарыяльная шыльда, прысвечаная Кастусю Каліноўскаму. Дазвол на ўстаноўку шыльды дала гарадская рада.

У пачатку 2024 года ў Чарнігаве з'явіліся вуліца і завулак Каліноўскага. Цяпер на адным з будынкаў у цэнтры вуліцы з'явіцца мемарыяльная шыльда з цытатай Каліноўскага на беларускай мове і біяграфічнай даведкай, паведамляе выданне 0462.ua.

Хутчэй за ўсё, на дошку нанясуць цытату з «Пісьмаў з-пад шыбеніцы»:

«Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжэ ня будзе».

Грошы на ўсталяванне мемарыяльнай шыльды збіраюць беларускія добраахвотнікі і фонд «Вільна Білорусь». Акрамя шыльды, плануецца ўсталяваць і інфармацыйны стэнд пра беларускага нацыянальнага героя.

Цікава, што на пасяджэнні выканкама гарадской рады начальнік упраўлення культуры і турызму Аляксандр Шаўчук назваў Каліноўскага «беларускім Бандэрам», аднак в. а. мэра Чарнігава назваў такія параўнанні глупствам.

Рашэнне аб усталяванні мемарыяльнай шыльды выканкам гарадской рады Чарнігава прыняў аднагалосна.

Неанацыст Лушч збірае подпісы, каб перайменаваць вуліцу Каліноўскага ў Мінску ў вуліцу 17 Верасня

У Адэсе вуліцу Беларускую перайменавалі ў вуліцу Каліноўскага

«Зваротаў усё больш». Гігін анансаваў перайменаванне вуліцы Каліноўскага ў Мінску

Nashaniva.com