У Гомелі шматдзетная жанчына паверыла, што яе неўзабаве забярэ ў ЗША Мэрылін Мэнсан. І гэта зламала ўсё жыццё ёй і дзецям
Аднойчы ў сацыяльных сетках жыхарка Гомеля Анастасія пачала перапісвацца з амерыканцам. Іншаземец прадставіўся вядомым рок-музыкам Мэрылінам Мэнсанам. Жанчына падумала, што злавіла за хвост жар-птушку, аднак усё аказалася акурат наадварот, пішуць «Моцныя навіны».
19.06.2024 / 17:37
Мэрылін Мэнсан. Фота: AP Photo/Charles Krupa, File
У перапісцы «Мэнсан» паабяцаў шматдзетнай маці забраць яе і дзяцей да сябе ў ЗША. Жанчына ўспрыняла гэта, як знак звыш, і пачала рыхтавацца да пераезду: каб мець сродкі на новае жыццё ў Амерыцы, яна прадала кватэру. Грошы амерыканец прапанаваў перавесці яму на рахунак — каб не ўзнікла праблем з аплатай і пералётам.
Тым часам час ішоў, а «Мэнсан» не спяшаўся перавозіць да сябе гомельскую сям'ю і ўсяляк адцягваў момант асабістай сустрэчы. Жанчына вымушана была прапісаць дзяцей у бабулі на вёсцы, а самой зняць кватэру ў Савецкім раёне Гомеля.
З таго часу прайшло 5 гадоў, але сям'я ў Амерыку так і не патрапіла.
Як расказалі ў адміністрацыі школы № 72, у іх вучыліся сын і дачка Анастасіі. Але ў 2018 годзе жанчына прыйшла і напісала заяву, што дзеці больш не будуць наведваць навучальную ўстанову ў сувязі з тым, што сям'я пераязджае на ПМЖ у Злучаныя Штаты.
Невядома, што адбылося далей, але сёлета ў здымнай кватэры быў знойдзены труп малодшай дачкі Сафіі. У ходзе пракурорскай праверкі было ўстаноўлена, што сям'я жыла ў антысанітарных умовах.
11-гадовае дзіця памерла ад цукровага дыябету першага тыпу. З-за адсутнасці аказання належнай медыцынскай дапамогі літаральна за 2 тыдні хвароба ахапіла дзяўчынку і не пакінула ёй шанцу. Маці дзяўчынкі спрабавала лячыць яе самастойна, купляла лекі ў аптэцы, але праз тое, што яна не ведала дыягназу, яе дапамога была марнай.
Дзеці былі знясіленыя з-за мінімальнай колькасці ежы і не атрымлівалі належнага выхавання і догляду. У сярэдняй дачкі Дар'і мелася хранічнае захворванне. У 2017 годзе дзіцяці была аформлена інваліднасць і рэкамендавана назіранне ў лекара на працягу 5 гадоў. Але маці рэкамендацыю не выканала.
Сям'я, як шматдзетная, была на ўліку ў сацслужбаў, аднак пры пераездзе з аднаго раёна ў іншы ніхто інфармацыю пра яе не перадаваў. Акрамя гэтага, сын жанчыны дасягнуў 18-годдзя і павінен быў стаць на ўлік у ваенкамат, але яго ніхто не шукаў.
Сям'я жыла на аліменты і пенсіі па інваліднасці. За 5 гадоў сям'я толькі некалькі разоў выходзіла ў парк, увесь астатні час яны сядзелі ў кватэры. Але сваіх дзяцей маці ўсё пераконвала, што яны хутка абавязкова пераедуць у Амерыку.
У старэйшай дачкі жанчыны 9 класаў адукацыі, сын экстэрнам здаў экзамены і цяпер будзе спрабаваць паступіць у каледж, а яшчэ адна дзяўчынка знаходзіцца ў прытулку.
Цяпер на шматдзетную маці заведзеная крымінальная справа. Магчыма, яе неўзабаве пазбавяць бацькоўскіх правоў. Прыцягнутыя да адказнасці і чыноўнікі, якія нядбайна паставіліся да сваёй працы і не цікавіліся жыццём шматдзетнай сям'і.
Тэлефонныя махляры рэанімавалі старую схему падману. Як ні дзіўна, яна працуе