Топ маляўнічых месцаў для летніх вандровак па Беларусі, далей ад гарадской задухі

Лета ў Беларусі абяцае быць гарачым, у сувязі з чым мы вырашылі сабраць топ месцаў, дзе можна дыхаць на поўныя грудзі, плаваць і атрымліваць асалоду ад прыроды.

22.06.2024 / 09:00

Падвесныя драўляныя масты праз Нарачанку ў Вілейскім раёне

Самы зручны транспарт для таго, каб даследаваць усе масты Вілейскага раёна, канечне, аўто. Але можна абысціся і аўтобусам — спачатку даехаць да самой Вілейкі, а потым перамяшчацца паміж вёскамі — на аўтобусах і пешшу.

Фота: kraj.by

Першы арыенцір — вёска Ручыца. Раней яна называлася Ганута і мела славутую гісторыю: для Міхала Агінскага гэта месца служыла летняй рэзідэнцыяй, тут быў пабудаваны вялікі палац і гаспадарчы двор. Некаторыя лічаць, што менавіта тут Агінскі напісаў паланэз «Развітанне з Радзімай».

На жаль, у 1943 годзе вёску спалілі, а палац разабралі на цэглу. Але наша мэта — падвесны мост — функцыянуе і служыць сродкам пераходу праз раку Нарачанку да суседняй вёскі Красніца.

Каардынаты: 54.45088, 26.66602

Яшчэ адзін падвесны мост знойдзеце ў чатырох кіламетрах пехатой — у межах вёсак Вайдзені і Доўгае.

Каардынаты: 54.48251, 26.71886

Самы абноўлены і мінімальна экстрэмальны мост чакае ў вёсцы Набярэжная. Рухаючыся туды, раім завітаць у Прынту, каб загадаць жаданне ў знакамітага дуба-гіганта. Дрэва яшчэ называюць Шывай. Кажуць, што ўсё загаданае там здзяйсняецца.

Каардынаты: 54.50005, 26.73593

Слядамі былых ледавікоў

Фота: golubyeozerabelarus.by

Блакітныя азёры ўключаюць у сябе 15 азёр, утвораных у выніку таплення ледавіка. Абрамленыя хваёвымі барамі, знаходзяцца яны ў Мядзельскім раёне, побач з вёскай Грумбіненты.

На месцы можна выправіцца на трэкінг-экскурсію па адным з маршрутаў — сцежка Троляў, Балдуцкая ці экасцежка, якая так і называецца — Блакітныя азёры, і, канечне ж, наплавацца ад душы.

Існуе і варыянт для самых натрэніраваных — паход па наваколлі працягласцю 16 кіламетраў. Прасцей за ўсё тут даверыцца прафесіяналам-гідам. Сярод іх прапаноў — супернасычаная праграма на дзень: магчымасць убачыць вадаспад на руінах ляснога млына 1903 года, пераадоленне канатнай пераправы праз раку Страча і наведванне серавадароднай крыніцы — Вока Цыклопа.

Калі ў вас будзе магчымасць і час, абавязкова заплануйце візіт у вёску Камарова пад час гэтай вандроўкі. Яе развіццю вялікую частку свайго жыцця аддаў экс-дэпутат Вярхоўнага савета Эдуард Вайцяховіч, якога не стала ў 2022 годзе. Ён стварыў там Цэнтр развіцця сельскага прадпрымальніцтва. Дзякуючы яго энергіі, у вёсцы паўсталі ўласныя пякарня і сыраварня.

Фота: 34travel.me

Абавязкова пакаштуйце лакальныя смакоты і прагуляйцеся па зялёнай тэрыторыі сядзібнага комплексу 19-20-га стагоддзяў.

Фота: vedaj.by

Людзі на балоце

Калі вы дагэтуль не даследавалі свет беларускай багны, то самы час. Адзін з самых папулярных маршрутаў у гэтым кірунку — заказнік «Ельня». Яго экасістэма складаецца з балот, найстарэйшае з якіх налічвае каля дзевяці тысяч гадоў.

Фота: walktofolk.by

Прагульваючыся па экасцежцы, можна сустрэць птушак, а таксама розных жывёл. Зрабіць вялікую колькасць сэлфі на фоне каляровых дываноў з раслін і ягад — у чэрвені яшчэ можна заспець дурніцы і чарніцы. А самае галоўнае — надыхацца чыстым паветрам: балота выдзяляе ў разы больш кіслароду, чым хваёвыя лясы.

Для зручнасці можна запісацца на эка-тур у адной з агенцый — напрыклад, ёсць варыянт з выездам з Мінска і наведваннем вадаспада на рэчцы Вята. Але прапаноў па гэтым кірунку існуе вельмі шмат.

Браслаўскі курорт

Браслаў, бадай, самы курортны беларускі горад. Размясціўшыся сярод трох азёраў — Навяты, Бярэжа і Дрывяты — і дзясятка вадаёмаў, ён будзе ідэальнай лакацыяй для рэлаксу на выходныя ці болей.

Фота: vgr.by

Можна проста чыліць каля вады, а можна правесці час актыўна — узяць напракат байдарку, сап-борд ці ровары, адправіўшыся вывучаць наваколле. Большую частку забаваў прапаноўвае мясцовы фізкультурна-спартовы клуб «Дрывяціч».

Абавязкова наведайце Замкавую гару — старажытнае гарадзішча ў самым цэнтры, з якім і звязаная легенда пра заснаванне горада. Адтуль адкрываецца цудоўная панарама на Браслаў.

Ад спёкі можна схавацца ў парку Бельмонт — другім па велічыні ў Беларусі з яго 62 гектарамі. Парк быў закладзены яшчэ ў сярэдзіне 18 стагоддзя. Перасоўваючыся там па экалагічнай сцежцы, трымайце ў галаве, што тут жа ў свой час знаходзілася стаўка вайскавода Барклая дэ Толі, сюды заглядвалі неапалітанскі кароль Мюрат, Аляксандр I ці, напрыклад, дзекабрысты.

Альтэрнатыва сталічнаму Батанічнаму саду на ўсходзе краіны

Батанічны сад пры сённяшняй БДСГА ў Магілёўскай вобласці пачалі ствараць яшчэ ў 1840 годзе для практычных заняткаў студэнтаў па батаніцы, лесаводстве і садоўніцтве. Сёння ў калекцыях Горацкага батанічнага саду і дэндрарыя налічваецца 840 родаў, 1476 відаў і 1045 гатункаў дэкаратыўных раслін. Так што калі вы ўжо абышлі ўздоўж і ўпоперак Батанічны ў Мінску, гэта цудоўны план для падарожжа на выходныя.

Фота: reviews.yandex.ru

Па графіку летам у Горках напоўніцу квітнеюць ружы, клематысы, флоксы і вялікая колькасць кустоў.

Сам Батанічны сад размяшчаецца на тэрыторыі акадэмгарадка — з карпусамі (у тым ліку — старой забудовы, да якой меў дачыненне італьянскі архітэктар Кампіоні), інтэрнатамі, бібліятэкай, возерам і вялікай колькасцю зеляніны. Існуе нават спецыяльны пешаходны маршрут, каб дакладна не прапусціць усе будынкі з гісторыка-культурным статусам.

Адпачынак на прыродзе. Топ-5 маляўнічых месцаў у Беларусі, дзе варта пабываць

Даражэй, чым па Міжземным моры. На Палессі ёсць рачны круіз, квіткі на які не дастаць

«Будзем ці ў Італіі, ці на агародзе». Беларусы расказалі пра тое, як і дзе збіраюцца адпачываць

Nashaniva.com