Паўднёвая Карэя можа пачаць прамыя пастаўкі зброі Украіне пасля заключэння Пуціным пагаднення з КНДР
Паўднёвая Карэя хоча правесці паўторны разгляд пытання аб прамых пастаўках зброі Украіне, піша агенцтва Рёнхап са спасылкай на офіс паўднёвакарэйскага прэзідэнта.
20.06.2024 / 13:22
Заява зʼявілася на фоне заключэння дагавора аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве Расіі і Паўночнай Карэі.
Дарадца па нацыянальнай бяспецы Чан Хо Джын таксама выказаў шкадаванне з нагоды «ўсёабдымнай стратэгічнай дамовы», падпісанай падчас саміту паміж Уладзімірам Пуціным і лідарам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам у Пхеньяне.
«Урад выказвае сур'ёзную заклапочанасць і асуджае падпісанне пагаднення аб усёабдымным стратэгічным партнёрстве паміж Паўночнай Карэяй і Расіяй, якое накіравана на ўмацаванне ўзаемнага ваеннага і эканамічнага супрацоўніцтва», — сказаў ён на брыфінгу ў прэзідэнцкай канцылярыі.
Чан Хо Джын дадаў, што любое супрацоўніцтва, якое прама ці ўскосна дапамагае паўночнакарэйскаму ваеннаму ўзмацненню, з'яўляецца парушэннем рэзалюцый Савета Бяспекі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый і будзе падвяргацца міжнароднаму кантролю і санкцыям, і паабяцаў прыняць адпаведныя меры.
«Мы плануем перагледзець пытанне аб пастаўцы зброі Украіне», — таксама сказаў ён.
Раней Карэя аказвала гуманітарную дапамогу Украіне, пастаўляла вайсковыя прадметы несмяротнага характару, але не зброю. 9 мая прэзідэнт Рэспублікі Карэя Юн Сок Ёль заявіў, што яго краіна прытрымліваецца прынцыпу непаставак смяротнай зброі Украіне.
Паўднёвая Карэя валодае адным з самых вялікіх арсеналаў у свеце (больш за мільён снарадаў) і нарошчвае вытворчасць.
«Кім — адзіны тоўсты чалавек, якога я там бачыў». Беларус расказаў, як ён пабываў у КНДР