Святкавалі ў калідоры побач з прыбіральняй: у брэсцкай школе перастараліся са сціпласцю выпускнога
Пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка абурыўся школьнымі выпускнымі на лімузінах, чыноўнікі пачалі абяцаць: ніякай раскошы выпускнікі не ўбачаць. Але сціпласць банкета ў школе №1 Брэста сапраўды ўражвае.
21.06.2024 / 07:00
Банкет на выпускным у брэсцкай школе. Скрыншоты відэа ў тыктоку
Відэа са святочнага вечара з’явілася ў тыктоку. Маці выпускніка паказала, як выглядаў банкет для сотні адзінаццацікласнікаў брэсцкай школы № 1. Сталы чамусьці паставілі проста ў калідоры — на адных нешта гатавалі, на іншых ужо стаяла гатовая ежа. Побач са сталамі стыхійна ўзніклі горы смецця. Загадзя нарэзаныя агуркі ў вядры (відавочна, гэтую частку нарэзкі яшчэ не паспелі паставіць на стол) суседнічалі са смеццем.
У подпісы да роліка жанчына, сын якой якраз скончыў гэту школу, напісала:
— Адміністрацыя вырашыла, што нармальна адсвяткаваць мы не заслужылі. Усё праходзіла ў калідоры каля прыбіральні. Бацькі стаялі як ахоўнікі, ні сесці (не было ніводнага крэсла), ні тым больш адзначыць мы не заслужылі.
Жанчына сцвярджае, што ў школе ёсць вялікая спартыўная зала і сталовая, але чамусьці банкет праводзілі не там. Можна было б падумаць, што адміністрацыя школы занадта літаральна зразумела словы Лукашэнкі і перастаралася са сціпласцю выпускнога. Але жанчына дадала:
— Вось так чакаеш выпускны, а атрымоўваеш поўнае расчараванне. Як аказалася, летась была такая ж гісторыя. Можа, час ужо нешта рабіць?
Чытач «Нашай Нівы» звярнуўся ў школу, але адміністрацыя ў адказ параіла не меркаваць пра мерапрыемства па каментарыях, а замест гэтага паглядзець фотасправаздачу пра выпускны вечар на афіцыйным сайце школы.
Там толькі здымкі, зробленыя на афіцыйнай частцы ў актавай зале. Ніводнага фота з фуршэту чамусьці няма. Затое сярод выпускнікоў на сцэне бачны і тыя людзі, якія трапілі ў ролік.
За 4 дні відэа набрала каля 410 тысяч праглядаў.
Сям'я Пратасевічаў праспявала «Вецер перамен». Як сёлета святкавалі выпускныя
Сёння па ўсёй краіне пройдуць выпускныя. Адзначаць у рэстаранах, кафэ сёлета катэгарычна забаронена