У Мінску вынеслі прысуд доктарцы Церашковай

Суд пакараў Алену Церашкову хатняй хіміяй.

21.06.2024 / 10:02

Алена Церашкова з братам. Фота: фэйсбук

Суд Цэнтральнага раёна Мінска разгледзеў справу і вынес прысуд сківічна-тварнаму хірургу Алене Церашковай, піша Радыё Свабода.

Лекарку прызналі вінаватай паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). 20 чэрвеня, паводле былога актывіста «Еўрапейскай Беларусі», які прасіў на яго не называць, Алене Церашковай «прысудзілі 3 гады хатняй хіміі, яна дома з дзецьмі».

Вырак агучыла суддзя Юльяна Шчэрба.

Крыніцы, блізкай да сям’і Алены Церашковай вядома, што на працэсе тая прызнала віну часткова. Ці будзе Церашкова абскарджваць прысуд, невядома.

Алене Церашковай 47 гадоў, яна маці чацвярых дзяцей, двое з якіх яшчэ непаўналетнія. Алена Церашкова працуе лекарам у 11-й гарадской лякарні Мінска, яна сківічна-тварны хірург, да затрымання ў траўні рэгулярна праводзіла аперацыі. Церашкова актыўна займалася грамадскай дзейнасцю, была сябрам Партыі БНФ, брала ўдзел у выбарчых кампаніях. У маладосці Алена Церашкова займалася тэквандо, двойчы заваёўвала тытул чэмпіёнкі Беларусі. Таксама жанчына вядома як пісьменніца і перакладчыца.

Алену Церашкову да суду трымалі ў новым будынку следчага ізалятару ў Калядзічах пад Мінскам, але пра ўмовы яе ўтрымання там нічога невядома. Спатканні са сваякамі жанчыне былі забароненыя, яе перапіска кантралявалася. Пакуль Алена Церашкова знаходзілася за кратамі, яе дзяцей даглядалі сваякі.

Алена Церашкова — сястра вядомага актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Максіма Вінярскага, асуджанага на 5 гадоў зняволення паводле ч. 2 арт. 293 КК («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»). Максім Вінярскі адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 3 пад Віцебскам.

У Мінску судзяць хірурга, чэмпіёнку Беларусі па таэквандо

Доктарку-хірурга Алену Церашкову будуць судзіць па крымінальным артыкуле аб грубым парушэнні парадку

Сілавікі апублікавалі відэа з затрыманай сястрой актывіста Максіма Вінярскага Аленай Церашковай. Яе кватэру разнеслі

Nashaniva.com