Былога намесніка міністра энергетыкі Міхадзюка хутка пачнуць судзіць

Міхадзюк цяпер у СІЗА. Раней на нарадзе Лукашэнка абураўся, што чыноўнік набраў хабару на дзясяткі тысяч даляраў.

21.06.2024 / 11:32

Міхаіл Міхадзюк. Фота: Мінэнерга

Справа на былога намесніка міністра энергетыкі Міхаіла Міхадзюка хутка будзе накіравана ў суд, яна на стадыі заканчэння. Пра гэта заявіў старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гара, перадае БелТА.

«Грашовыя сродкі гэты чалавек атрымліваў за забеспячэнне ўдзелу камерцыйнай кампаніі ў будаўніцтве высакавольтных падстанцый на тэрыторыі Беларусі», — сказаў Дзмітрый Гара.

Старшыня Следчага камітэта адзначыў, што абвінавачаны пайшоў на супрацоўніцтва і выдаў частку грошай, якія атрымаў у якасці хабару, і кампенсаваў тую частку, якую паспеў выдаткаваць.

Намеснікам міністра энергетыкі Міхадзюк стаў у 2005 годзе. У адстаўку яго адправілі ў канцы 2023-га.

У ведамстве ён кіраваў працай Дэпартамента па ядзернай энергетыцы, курыраваў дзейнасць Беларускай АЭС, «Белэнерга», «Белпалівагаз» і іншых прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у сістэму Міністэрства.

Крымінальную справу на Міхадзюка завялі 26 студзеня 2024 года. На нядаўняй нарадзе Аляксандр Лукашэнка выказваўся пра чыноўніка:

«Гэта значыць на табе падстанцыю, ідзі і мадэрнізуй, але ты мне дай хабар. Дзясяткі тысяч даляраў!»

Крымінальную справу завялі на былога намесніка міністра энергетыкі Міхадзюка. Ён у СІЗА

Намесніка міністра энергетыкі Міхадзюка адправілі ў адстаўку

Nashaniva.com