АДКБ будзе дапамагаць «Талібану» ў барацьбе з тэрарызмам
Ён сам прызнаны тэрарыстычным у трох краінах Саюза
21.06.2024 / 12:00
Фота: AP
Арганізацыя, па словах кіраўніка расійскага МЗС, зацікаўленая ў супрацоўніцтве з групоўкай.
АДКБ, куды ўваходзіць і Беларусь, збіраецца развіваць супрацоўніцтва з талібамі, якія кантралююць уладу ў Афганістане.
Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў пасля нарады з калегамі з краін-членаў арганізацыі, піша ТАСС.
«У цэлым выступаем за наладжванне больш устойлівага, пастаяннага, прадметнага, нацэленага на рэалізацыю канкрэтных праектаў, дыялогу з урадам талібаў, які фактычна кантралюе краіну», — адзначыў Лаўроў.
Паводле яго, гэта было пераважнае меркаванне падчас дыскусіі міністраў.
Лаўроў адзначыў, што з тэрыторыі Афганістана працягвае зыходзіць тэрарыстычная пагроза з боку «Аль-Каеды» і «Ісламскай дзяржавы».
«Урад талібаў вядзе з гэтымі тэрарыстычнымі групоўкамі барацьбу, і мы лічым прынцыпова важным аказваць гэтай барацьбе садзейнічанне», — заявіў Лаўроў.
Групоўка «Талібан» прызнаная тэрарыстычнай арганізацыяй у Расіі, Кыргызстане і Таджыкістане — краінах-сябрах АДКБ.