Кіраўнік СК: Спецвытворчасць заведзеная на 108 чалавек

Спецвытворчасцю ўлады называюць крымінальныя справы на ўдзельнікаў пратэстаў, якія павінны скончыцца завочнымі судамі, паколькі гэтыя людзі знаходзяцца за мяжой.

21.06.2024 / 11:53

Дзмітрый Гора. Фота: БелТА

Крымінальныя справы ў парадку спецыяльнай вытворчасці пачаты ў дачыненні да 108 асоб. Пра гэта журналістам заявіў старшыня Следчага камітэта Дзмітрый Гора, піша БелТА.

«На сённяшні дзень мы працягваем працу па выяўленні ўсіх асоб, якія сваёй экстрэмісцкай дзейнасцю прычыняюць шкоду нацыянальнай бяспецы і інтарэсам нашай дзяржавы», — сказаў Дзмітрый Гора.

Па словах кіраўніка Следчага ведамства, гэтых асоб выяўляюць на сістэмнай аснове і «збіраюць доказы іх віны». У тым ліку, выяўляюць іх маёмасць з мэтай далейшай канфіскацыі і звароту ў даход дзяржавы ў якасці кампенсацыі нанесенай шкоды.

«Праца сістэмная і вядзецца на планавай аснове. Мы яе спыняць не збіраемся, пакуль усе вінаватыя не будуць прыцягнутыя да адказнасці», — запэўніў Дзмітрый Гора.

Старшыня Следчага камітэта звярнуў увагу, што па ўзгадненні з пракуратурай шэраг крымінальных спраў заканчваецца ў парадку спецыяльнай вытворчасці — гэта значыць, без асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага.

«Гэта збеглыя, якія хаваюцца за мяжой. Але і яны павінны панесці заслужанае пакаранне. На сённяшні дзень крымінальныя справы ў парадку спецыяльнай вытворчасці пачаты ў дачыненні да 108 асоб. З іх 82 справы ўжо накіравана для разгляду ў суд, у вытворчасці застаюцца 26 спраў. Апошнім часам мы актывізавалі гэтую працу. Сёлета колькасць крымінальных спраў, накіраваных у парадку спецыяльнай вытворчасці, будзе павялічвацца», — падкрэсліў ён.

Па большасці крымінальных спраў, дадаў Дзмітрый Гора, накладаецца арышт на маёмасць асоб, якія прыцягваюцца ў якасці абвінавачаных.

«Гэта і кватэры, і дамы, і ўчасткі, і дарагія аўтамабілі. Шмат маёмасці, якая павінна быць па рашэнні суда звернута ў даход дзяржавы», — сказаў на заканчэнне кіраўнік Следчага ведамства.

КДБ наклаў арышт на дом уладальніка крамы сімволікі

Завялі спецвытворчасць на ўдзельніка страйку на «Беларуськаліі»

Завочна будуць судзіць гарадзенак Вольгу Верамеенку і Ірыну Чарняўку

Завочна будуць судзіць праваабаронцу Алену Маслюкову

Генпракуратура накіравала ў суд справу «аналітыкаў Ціханоўскай» і выбрала «кіраўніка»

Nashaniva.com