Траіх дзяцей, што трапілі ў ДТЗ пад Докшыцамі, перавезлі ў Мінск, яшчэ траіх — у Віцебск
Мінздароўя ў сваім тэлеграм-канале расказала пра сітуацыю з пацярпелымі дзецьмі-спартоўцамі ў ДТЗ у Докшыцкім раёне.
22.06.2024 / 13:53
Нагадаем. што ўчора каля 19:30 пад Докшыцамі аўтамабіль Volkswagen Passat, выязджаючы з другаснай дарогі, урэзаўся ў мікрааўтобус з дзецьмі. Кіроўца і пасажырка легкавіка загінулі на месцы.
Агулам у ДТЗ пацярпелі 11 чалавек (з іх 8 дзяцей). Усе былі першапачаткова дастаўленыя ў Докшыцкую цэнтральную раённую бальніцу. Крыху пазней, пасля агляду аднаго з дзяцей перавялі ў Глыбоцкую ЦРБ.
Увечары пяць пацярпелых (адзін дарослы і чацвёра дзяцей) шпіталізавалі ў аддзяленне рэанімацыі ў цяжкім стане. Астатнія пацыенты — сярэдняй ступені цяжкасці шпіталізаваныя ў хірургічнае аддзяленне бальніцы.
На дапамогу калегам — для правядзення кансіліумаў і аказання неабходнай меддапамогі ноччу ў Докшыцкую ЦРБ прыбылі спецыялісты рэспубліканскага ўзроўню: пяць нейрахірургаў з РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, спінальны хірург і траўматолаг з РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, анестэзіёлаг-рэаніматолаг і дзіцячы хірург з БДМУ і анестэзіёлаг-рэаніматолаг з РНПЦ дзіцячай хірургіі.
Пасля правядзення неабходных кансіліумаў, умяшанняў і стабілізацыі стану пацярпелых, цяжкія пацыенты былі пераведзены для аказання высокатэхналагічнай дапамогі — у БХМД Мінска (двое), у РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі (адзін пацыент), адно дзіця ў Віцебскую абласную клінічную бальніцу, дваіх — у Віцебскую абласную дзіцячую бальніцу. Яшчэ адзін пацыент на сённяшні дзень знаходзіцца ў хірургічным аддзяленні Докшыцкай ЦРБ.
Астатнія пацярпелыя пераведзены на амбулаторнае лячэнне.
Стан трох пацярпелых, пераведзеных у сталіцу — стабільна цяжкі, у трох, якія былі шпіталізаваны ва ўстановы аховы здароўя Віцебска — сярэдняй ступені цяжкасці.
Ва ўсіх дыягнаставаны спалучаныя траўмы: чэрапна-мазгавыя траўмы, пераломы, ірваныя раны і ўдары.