У Аўстраліі прадставілі самую моцную ў свеце партатыўную лазерную зброю супраць дронаў

Мінабароны Аўстраліі справаздачылася аб паспяховым выпрабаванні партатыўнай лазернай устаноўкі Fractl, якая можа хутка, танна і з высокай дакладнасцю знішчаць шматлікія варожыя дроны на кіламетровай адлегласці. У ведамстве намякнулі, што могуць перадаць зброю Украіне.

24.06.2024 / 08:39

Высокадакладная партатыўная лазерная ўстаноўка Fractl. Фота: Мінабароны Аўстраліі

Аўстралійскія вайскоўцы апрабавалі самую магутную ў свеце партатыўную лазерную ўстаноўку, якая за некалькі секунд прапальвае сталь і псуе электроніку беспілотнікаў на адлегласці аднаго кіламетра і больш, перадае партал New Atlas са спасылкай на Мінабароны краіны.

Новая лазерная сістэма Fractl, па словах распрацоўшчыкаў, можа «з хірургічнай дакладнасцю» збіваць дроны, якія ляцяць з хуткасцю да 100 кіламетраў у гадзіну на адлегласці да 1 кіламетра, а таксама шкодзіць іх датчыкі, камеры і рухавікі на адлегласці да 1,5 кіламетра.

Устаноўка цалкам бясшумная, важыць каля 50 кілаграм, а па памеры ў дзесяць разоў меншая за аналагічныя існуючыя лазерныя сістэмы і ў столькі ж разоў таннейшая. Любы салдат можа навучыцца ёй карыстацца за некалькі хвілін, і кіруецца яна дыстанцыйна і лёгка, «як у відэагульні», піша New Atlas.

«Fractl можа прапаліць дрон наскрозь, выкарыстоўваючы пры гэтым менш энергіі, чым трэба на звычайную заварку вады ў чайніку. Устаноўка можа фіксаваць адразу некалькі цэляў адначасова і адбіваць роевыя атакі дронаў. 

Кошт аднаго лазернага стрэлу Fractl каштуе амаль даляр, а яго магутнасць і боезапас абмяжоўваецца толькі крыніцай сілкавання (устаноўка працуе як на звычайных батарэйках, так на паўнавартаснай энэргасетцы). Іншымі словамі, зброя можа страляць бясконца, пакуль ёй паступае энергія», — паведаміла Мінабароны Аўстраліі.

Момант траплення лазернага стрэлу Fractl па FPV-дроне падчас выпрабаванняў. Фота: Мінабароны Аўстраліі

У ведамстве таксама адзначылі, што новая партатыўная лазерная зброя стваралася з улікам ваенных рэалій ва Украіне, і асобна звярнулі ўвагу на той факт, што абаронныя прадпрыемствы Аўстраліі ўжо пастаўляюць украінскай арміі пэўныя антрыдронавыя сістэмы.

«Fractl таксама можа стаць адным з многіх новых відаў зброі на палях бітваў. Урокі Украіны паказваюць, што беспілотнікі — гэта сапраўдная праблема, і калі мы нічога не зробім з гэтым, то ў будучых войнах самі сутыкнемся з сур'ёзнымі непрыемнасцямі», — заявіў адзін з аўстралійскіх афіцэраў, адказных за выпрабаванне Fractl.

Беларусь распрацоўвае лазерную зброю

Пентагон распрацоўвае тэхналогію, якая дазволіць дронам лятаць няспынна

Хто той смелы мужчына, які пластмасавай стойкай спыніў масавага забойцу ў Сіднэі? І вось як ён дзейнічаў

Nashaniva.com