Клюшку легендарнага хакеіста беларускага паходжання прадалі за рэкордную суму

Клюшку легенды сусветнага хакея Уэйна Грэцкі, якой ён гуляў у фінале Кубка Стэнлі-1988, прадалі на аўкцыёне Sotheby's за 336 тысяч долараў.

23.06.2024 / 14:25

Уэйн Грэцкі. Фота: Wikimedia Commons

Гэта рэкорд сярод усіх прададзеных на аўкцыёнах клюшак у гісторыі. Папярэдняе дасягненне таксама належала клюшцы Грэцкі — у 2022 годзе яе прадалі за 138,6 тысячы долараў, паведамляе Bleacherreport.

Швэдар, у якім форвард гуляў у фінале Кубка Стэнлі-1988, раней прадалі за 1,452 млн долараў, крагі — за 204 тысячы. У тым фінале «Эдмантан», за які выступаў Уэйн, «усухую» абыграў «Бостан» — 4:0.

У вялікага хакеіста ёсць беларускія карані. Яго дзед, Цярэнцій Грэцкі, у пачатку XX стагоддзя перабраўся з Гродзенскай губерні тады яшчэ Расійскай імперыі ў Канаду.

Уэйн успамінаў, што дзед размаўляў на беларускай мове. Валодаў беларускай і бацька хакеіста.

У 2010 годзе Грэцкі прыязджаў у Беларусь, дзе нават сустрэўся са сваёй стрыечнай зводнай сястрой, якая жыве ў Свіслачы.

У Канадзе сям'я ў падвале знайшла скрынку з карткамі на казачную суму. Здавалася б, прычым тут Беларусь?

Nashaniva.com