Кітай зацягвае пастаўкі новых цягнікоў у Беларусь, бо баіцца трапіць пад санкцыі
Практычна ўсё высокатэхналагічнае абсталяванне гэтых электравозаў вырабляецца ў Еўропе ці ЗША.
23.06.2024 / 16:13
Электравоз серыі БКГ2. Фота: «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».
Дэталі апісвае «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».
Беларуская чыгунка мусіла атрымаць 15 новых грузавых электравозаў БКГ2 у канцы 2023 года. Такі кантракт яна заключыла з Кітайскай кампаніяй па экспарце і імпарце электраабсталявання і CRRC Датунскай электравозабудаўнічай кампаніяй.
Але пастаўка адклалася. Новы тэрмін — 2025-2026 гады. Кошт новага кантракту ўжо складае 57,7 млн даляраў.
Кітайскія партнёры асцерагаюцца наступстваў за парушэнне накладзеных на беларускі рэжым санкцый — у вытворчасці электравозаў выкарыстоўваюцца еўрапейскія і амерыканскія камплектуючыя. Практычна ўсё высокатэхналагічнае абсталяванне — імпартнае.
Да такога абсталявання адносяцца сілавыя трансфарматары, цягавыя электрарухавікі і пераўтваральнікі, а таксама амаль усе сістэмы кіравання, дыягностыкі і маніторынгу. Прымяняюцца пры вырабе электравозаў распрацоўкі вядучых у свеце кампаній транспартнага машынабудавання: «Alstom» (Францыя), «Bombardier» (Канада), «АВВ» (Швецыя), «Knorr-Bremse» (Германія).
Кітай шукае варыянты выйсця.
Адным з іх Міністэрства камерцыі Кітая бачыць арганізаваць вытворчасць электравозаў серыі БКГ2 для БЧ без выкарыстання падсанкцыйнага абсталявання, запчастак і камплектуючых. Але, з улікам долі іх прымянення ў канчатковым прадукце, рэалізаваць такое фактычна не рэальна. Гэта прызнае і сам вытворца, не беручыся дакладна ацаніць перспектыву і тэрміны рэалізацыі такой ідэі, акуратна заяўляючы, што гэта можа расцягнуцца на доўгія гады без гарантыі поспеху.
Другі варыянт, больш рэальны — пачаць «выдаляць сляды» выкарыстання ўсяго, што можа адносіцца да еўрапейскіх і амерыканскіх кампаній, якія не вітаюць адкрыты продаж сваёй прадукцыі падсанкцыйным краінам і арганізацыям.
Гэтыя пытанні разглядаліся і ў час рабочай сустрэчы прадстаўнікоў Беларусбанка і Эксімбанка 24 красавіка 2024 у Пекіне ў ходзе абмеркавання льготнага крэдытавання праекта закупкі 15 электравозаў для БЧ. У выніку Мінкамерцыі Кітая праінфармавала аб гатоўнасці шукаць спосабы пазбягаць санкцыйных рызык, а таксама аб магчымых дзеяннях па вырашэнні гэтай праблемы. Аднак для гэтага кітайскі бок патрабуе падпісаць адпаведны доўгатэрміновы мемарандум паміж БЧ і CRRC, забяспечваючы такім чынам сабе абарону фінансавых выдаткаў на развязанне задач абыходу санкцый.
Лукашэнка прапануе запусціць паміж Мінскам і Дзяржынскам струнны транспарт
Расійская чыгунка аднаўляе спалучэнне Беларусі з Пскоўскай вобласцю
Гомельскія чыгуначныя дызелі ўжо не могуць перасоўвацца самастойна. У чым прычына?
У цягніках Германіі з'явяцца двухмесныя «купэ для пацалункаў»