Марзалюк назваў свой любімы перыяд у гісторыі 

І расказаў, хто прыдумаў назваць сына Альгердам.

23.06.2024 / 19:32

Ігар Марзалюк. Скрын відэа ont_by / YouTube

Дэпутат і гісторык Ігар Марзалюк у інтэрв'ю газеце «Звязда» расказаў, што яго любімы перыяд у гісторыі — Вялікае Княства Літоўскае.

«А калі казаць пра стагоддзі, то XVI, бо гэта веліч Скарыны, Сапегі. Вельмі шаную Полацкі перыяд XI—XII стст., бо гэта Усяслаў Чарадзей і Ефрасіння Полацкая. Пра тое, што яны зрабілі, можна гаварыць доўга. Удумайцеся: Ефрасіння Полацкая была заснавальніцай жаночага манаства на тэрыторыі ўсёй Русі, а яшчэ яна заснавала школку ў манастыры, дзе вучылі дзяўчатак. Таксама люблю беларускае Адраджэнне — 2-я палова XIX — сярэдзіна XX ст. — гэта стварэнне беларускай літаратуры, высокіх жанраў беларускага мастацтва».

Любімымі гістарычнымі творамі ён назваў некалькі кніг Уладзіміра Караткевіча («Ладзя роспачы», «Сівая легенда», «Каласы пад сярпом тваім», «Дзікае паляванне караля Стаха»), «Дажыць да світання» Васіля Быкава, «Карнікі» Алеся Адамовіча і «Мінскі напрамак» Івана Шамякіна.

Пра Быкава Марзалюк адзначыў: «Для мяне ён Джамалунгма ў літаратуры».

Дэпутат расказаў таксама пра традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне ў яго сям'і.

«У нас прынята, калі нараджаецца хлопчык, імя дае маці, калі дачка — бацька. Такім чынам, мая жонка, якая таксама звязана з гісторыяй, назвала сына Альгердам. Гэтае імя было ў яе родзе — пухавіцка-асіповіцкая галіна.

Яшчэ адна традыцыя: калі сыну спаўняецца год, перад ім кладуць тры рэчы — кнігу (звычайна Біблію), зброю і грошы. Гэта тры шляхі мужчыны. Я, дарэчы, выбраў кнігу, потым зброю, толькі пасля кашалёк». 

Nashaniva.com