Хрэнін пракаментаваў намёк Пуціна пра пастаўкі зброі ў Беларусь, каб наносіць удары па аб'ектах у Еўропе
Міністр абароны Віктар Хрэнін назваў глупствам выказванні пра тое, што з тэрыторыі Беларусі будуць бамбіць заходнія краіны.
23.06.2024 / 20:54
Віктар Хрэнін, міністр абароны Беларусі. Скрын відэа СТБ
У пачатку чэрвеня Пуцін намякнуў пра пастаўкі зброі ў Беларусь, каб «наносіць удары па адчувальных аб'ектах іншых краін».
«Калі хтосьці лічыць магчымым пастаўку Украіне зброі, якая дазваляе наносіць удары па Расіі, то чаму Расія не можа пастаўляць падобную зброю ў рэгіёны, адкуль будуць наносіцца ўдары па адчувальных аб'ектах іншых краін?»
— казаў тады ён.
Якія гэта рэгіёны, Пуцін не назваў, але можна меркаваць, што ён меў на ўвазе Беларусь як адзіную краіну з ягоных блізкіх саюзнікаў, якая непасрэдна мяжуе з НАТА і з тэрыторыі якой сапраўды зручна пагражаць Польшчы і краінам Балтыі. Раней ужо было прынята рашэнне аб размяшчэнні на тэрыторыі Беларусі тактычнай ядзернай зброі, і яна, як мяркуецца, ужо ў Беларусь дастаўленая.
Хрэнін пракаментаваў тыя словы Пуціна.
«Расіі зусім не трэба нешта яшчэ дадаткова пастаўляць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, каб выканаць тыя задачы, якія закладвае прэзідэнт Расіі. У іх дастаткова сваёй зброі і дастаткова тых краін, саюзнікаў, з якімі яны могуць працаваць»,
— заявіў міністр у інтэрв'ю СТБ.
Ён назваў глупствам выказванні пра тое, што з тэрыторыі Беларусі будуць бамбіць заходнія краіны.
«Глупства нейкае поўнае. На тэрыторыі нашай краіны без ведама кіраўніцтва нашай краіны нічога не робіцца. Пра гэта не раз казаў наш прэзідэнт. Ну і, урэшце, ёсць Саюзная дзяржава, і ёсць ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы, дзе дакладна вызначана, як будзе ўжывацца гэтая зброя. Таму тут будзем прытрымлівацца толькі тых нормаў і правілаў, якія вызначаны і ёсць дамоўленасці», — сказаў Хрэнін.