Дэпутат расійскай Дзярждумы паспяшаўся абвінаваціць Украіну і НАТА ў тэрактах у Дагестане. Яго нечакана прысароміў Рагозін

Экс-кіраўнік «Раскосмасу» заклікаў заўважыць бервяно ў сваім воку.

23.06.2024 / 22:13

Дзмітрый Рагозін. Фота: Wikimedia Commons

Дэпутат расійскай Дзярждумы Абдулхакім Гаджыеў заявіў аб дачыненні Украіны і краін NATO да тэрактаў у Махачкале і Дэрбенце (гарады на поўдні Расіі ў Дагестане).

Са слоў парламентарыя, гэта «спроба разгайдаць сітуацыю ў Расіі на фоне поспехаў на фронце».

«Няма сумневу, што гэтыя тэракты так ці інакш звязаныя са спецслужбамі Украіны і краін NATO», — заявіў Гаджыеў у эфіры расійскага тэлебачання. 

Гэтую пазіцыю нечакана раскрытыкаваў сенатар, экс-кіраўнік «Раскосмасу» Дзмітрый Рагозін, вядомы сваёй агрэсіўнай антыўкраінскай рыторыкай. У сваім тэлеграм-канале ён заклікаў не спісваць усе тэракты на Украіну і NATO.

«Я лічу, што калі мы кожны тэракт, замяшаны на нацыянальнай і рэлігійнай нецярпімасці, нянавісці і русафобіі, будзем спісваць на інтрыгі Украіны і НАТА, то гэты ружовы туман прывядзе нас да вялікіх праблем.

У чужым воку парушынку бачым, у сваім — бярвёны не разглядзім. А пара б», — напісаў Рагозін.

У Махачкале і Дэрбенце працягваюцца баі з баевікамі, якія раней напалі на цэрквы, сінагогу і паліцэйскіх. Паводле звестак сілавікоў, нападнікі былі звязаныя з групоўкамі вахабітаў.

У Дагэстане застрэлілі дзевяць паліцэйскіх і перарэзалі горла праваслаўнаму святару

Напады ў Дагестане: прынамсі 20 загінулых, 5 нападнікаў забітыя

Скарміў чалавека льву. Пяць дзікіх гісторый пра Рамзана Кадырава

Nashaniva.com