Пасля кансультацый з Лаўровым Алейнік пракаментаваў магчымае закрыццё пераходаў з Польшчай

Беларусь гатова абмяркоўваць з Польшчай бяспеку на граніцы, заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік па выніках перагавораў з расійскім калегам Сяргеем Лаўровым, перадае БЕЛТА.

25.06.2024 / 08:14

 Фота: Straž graniczna

Кіраўнік беларускага МЗС падкрэсліў, што апошнія выказванні міністра замежных спраў Польшчы поўнасцю дысануюць з выказваннямі, якія Польшча рабіла некалькі тыдняў таму, прапануючы адкрыць дадатковыя пункты пропуску. «Але, на жаль, такія сёння палітычныя рэаліі», — заўважыў ён, забыўшыся ўзгадаць смерць польскага жаўнера ў выніку атакі мігрантаў. 

«Трэба дакладна разумець, што гэтыя заклікі і гэтыя прапановы нацэлены не толькі і не столькі супраць польскіх грамадзян і польскіх рэгіёнаў, эканамічнага развіцця польскіх рэгіёнаў, колькі нацэлены супраць грамадзян іншых краін ЕС, СНД і так званай Вялікай Еўразіі», — дадаў Алейнік. 

Ён запатрабаваў дыялогу на «раўнапраўнай і ўзаемапаважлівай аснове».

«У гэтых умовах адзіны шлях дээскалацыі — гэта шлях да дыялогу. Калі Польшча да гэтага гатова, хаця б па пытаннях прыгранічнага супрацоўніцтва, супрацоўніцтва, якое згорнута па ініцыятыве польскага боку і іншых еўрапейскіх партнёраў, то мы гатовы гэтыя тэмы абмяркоўваць. Але, безумоўна, на раўнапраўнай і ўзаемапаважлівай аснове», — рэзюмаваў міністр замежных спраў.

Сяргей Лаўроў таксама далучыўся да каментара, абвінаваціўшы заходніх лідараў, у тым ліку і польскіх палітыкаў, у адсутнасці паслядоўнасці.

«Калі яны кідаюцца з агню ды ў полымя, з адной крайнасці ў іншую, тлумачыцца гэта тым, што яны кіруюцца не карэннымі інтарэсамі свайго народа, у дадзеным выпадку польскага, а сваімі канʼюнктурнымі ўнутрыпалітычнымі меркаваннямі напярэдадні чарговых выбараў (ці выбараў, што адбыліся). Да гэтага мы прывыклі і ў поўнай меры ўлічваем гэту непаслядоўнасць і ненадзейнасць нашых еўрапейскіх суседзяў у сваім знешнепалітычным планаванні з беларускімі саюзнікамі», — заявіў кіраўнік расійскага МЗС.

22 чэрвеня стала вядома, што ўрад Польшчы разглядае магчымасць закрыцця апошніх пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. 

— У сувязі з дзеяннямі Беларусі мы разглядаем магчымасць закрыцця ўсіх памежных пераходаў. Цяпер мы вывучаем пытанне, ці ўплывае гэта на эканоміку, — заявіў міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі. 

Ён растлумачыў, што гэта звязана з беспарадкамі з мігрантамі на мяжы.

У той час, як Лаўроў прыляцеў у Мінск на сустрэчу з Алейнікам, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда папярэдзіў кіраўніка КНР Сі Цзіньпіна пра абвастрэнне сітуацыі на беларускай мяжы, магчымым перакрыцці яе і магчымых наступствах гэтага для кітайскай лагістыкі тавараў.

«Нельга кідаць беларусаў на волю лёсу за жалезнай заслонай». Ціханоўская — пра намер закрыць польскую мяжу

Польшча разглядае магчымасць закрыць рэшту пераходаў на мяжы з Беларуссю

Анджэй Дуда паляцеў у Кітай і будзе там гаварыць пра Беларусь

«Маглі з беларускімі памежнікамі закурыць цыгарэту». Як жыве польскае памежжа з буфернай зонай

Польскі ўрад не стаў даваць сваім памежнікам «ліцэнзію на забойства»

Турысты на польска-беларускай мяжы сталі атрымліваць трывожныя эсэмэскі. Ці варта панікаваць?

Польскія фермеры разлілі свіны гной на мяжы з Беларуссю — каб спыніць мігрантаў-мусульман

Nashaniva.com