Яшчэ адна прыватная ВНУ не будзе набіраць студэнтаў

За апошні тыдзень стала вядома пра закрыццё адразу дзвюх ВНУ ў краіне. Усе навучальныя ўстановы прыватныя. Настае чаргае трэцяй.

25.06.2024 / 14:07

Фота: Onliner.by

Першымі аб ліквідацыі паведаміў Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій (былы БІП), крыху пазней — Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці.

Чытачы таксама распавялі пра магчымыя праблемы ў Інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва, але ў ВНУ інфармацыю пра закрыццё не пацвярджаюць. З гэтага года там усяго толькі не будуць набіраць першакурснікаў, астатнія студэнты працягнуць вучобу.

Журналіст датэлефанаваўся да рэктара Інстытута, кандыдата палітычных навук Аляксандра Гарэліка:

— Я ведаю, што зачыняюцца канкрэтныя ВНУ, але да нас гэта дачынення не мае. Мы функцыянуем.

Адзінае, што сёлета не будзе набору першакурснікаў — Міністэрства адукацыі яго не ўзгадніла. Але інстытут працуе і з першага верасня, як мае быць, будзе ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць.

Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва адкрыты ў 1993 годзе. Прыватная ВНУ рыхтавала спецыялістаў у галіне эканомікі, кіравання і паліталогіі. У лютым 2021-га ІПП прайшоў дзяржаўную акрэдытацыю. Сертыфікат дзейнічае да 9 сакавіка 2026 года.

Nashaniva.com