У Генпракуратуры падлічылі ўзровень карупцыі ў краіне

На карупцыю ў структуры агульнай злачыннасці прыпадае менш за 2%. Такую лічбу назваў намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

25.06.2024 / 14:58

Аляксей Стук удакладніў, што ў краіне штогод улічваецца каля 1,3 тысяч карупцыйных злачынстваў. У выніку да адказнасці прыцягваюць у сярэднім па 900 чалавек.

У 2023 годзе па выніках 803 праверак пракуроры ўнеслі 2053 акты нагляду, прыцягнулі да адказнасці 2911 службовых і юрыдычных асоб. Акрамя таго, ініцыявана вызваленне 23 асоб ад займаных пасад.

Дарэчы, за студзень — май 2024 года агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў апынулася на 10,7% менш у параўнанні з такім жа перыядам 2023-га.

У Генпракуратуры адзначылі рост злачынстваў супраць парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці. Гэты рост тлумачаць павелічэннем фактаў незаконнага абароту сродкаў плацяжу або інструментаў больш чым у 2 разы (з 121 да 295), а таксама ўхілення ад выплаты падаткаў і збораў на 15,9% (з 132 да 153).

Nashaniva.com