Стала вядома, што за жанчына-правакатарка хадзіла па Брэсце з расійскім сцягам з Z-сімволікай
Хто ж тая фанатка вайны, якая гуляла па вуліцах Брэста з расійскім сцягам з літарай Z і праз якую як мінімум адзін чалавек затрыманы? «Наша Ніва» расказвае пра яе асобу.
26.06.2024 / 13:50
Наталля Каробка. Фота: сацсеткі
Гэта Наталля Каробка, ёй 51 год. Зарэгістравана жанчына ў Пружанах, але жыве, меркавана, у прыватным доме ў Брэсце. На яго, дарэчы, Наталля павесіла сцягі Беларусі і СССР. А ўнутры хаты ў фанаткі Лукашэнкі і Пуціна вісяць іх фотаздымкі. Зрэшты, там амаль што тэматычны музей: ёсць і сцягі розных памераў, і майкі з цытатамі Лукашэнкі. Калекцыя сувеніраў са спартыўных спаборніцтваў суседнічае з рэчамі з лагатыпамі вагнераўцаў.
Скрын відэа з тыктоку
Без дэманстрацыі сімвалаў вайны не абыходзіцца ў Наталлі нават сямейная вячэра: смажыць шашлыкі пад алкаголь жанчына ходзіць у кепцы з літарай Z.
Па апошніх вядомых звестках, Наталля працавала майстрыцай у ТАА «Белмаркеткампанія». Сацыяльна актыўнай у сацыяльных сетках пачала быць у 2020 годзе, але асабліва пачала старацца пасля пачатку вайны Расіі ва Украіне.
Наталля выходзіла на акцыі з афіцыйным чырвона-зялёным сцягам, удзельнічала ў аўтапрабегах «Патрыётаў Беларусі». Свайго сына таксама брала на прапагандысцкія мерапрыемствы. У мінулым годзе сын Наталлі служыў у беларускай арміі.
Наталля — актыўная ўдзельніца розных мерапрыемстваў, якія прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. Яна даволі часта ходзіць на іх менавіта з расійскім сцягам. Далучаецца і да «Бессмяротнага полка».
Скрын відэа з тыктоку
Год таму, калі стала вядома, што вагнераўцы створаць лагер у Магілёўскай вобласці, Наталля запісала відэа з іх сцягам і подпісам: «Сардэчна запрашаем у Беларусь!».
На сваёй старонцы ў тыктоку жанчына распаўсюджвае прапагандысцкія ролікі. Сярод яе любімых хэштэгаў — #забацьку і #пуциннашпрезидент, #победабудетзанами. У адным з ролікаў у тыктоку Наталля заклікае паставіць лайкі тых, хто хоча аднаўлення СССР — сабрала ажно 94 лайкі.
Скрын відэа з тыктоку
На старонку Наталлі ў тыктоку падпісана больш за 17 тысяч чалавек. Менавіта там яна змясціла ролік, якім зацікавіліся сілавікі. «Ідзём мы па Брэсце са сцягам сяброўскай нам Расіі, і тут да нас адна недабрастчанка як дае…лася», — падпісала відэа Наталля.
Тым часам губазікаўцы прадказальна выступілі на баку прарасійскіх актывістаў. Яны паведамілі, што жанчына, якая выступіла супраць прапаганды вайны на вуліцах Брэста, «у той жа дзень выехала з краіны ў Польшчу», а «ў 2020 яна ў экстрэмісцкіх чатах заклікала да беспарадкаў».
Скрын відэа з тыктоку
А вось хлопца, які выпадкова стаў сведкам канфлікту і крытычна выказаўся наконт расійскага сцяга з літарай Z, затрымалі. Сілавікі ўжо запісалі відэа з ім: хлопец папрасіў прабачэння ў Наталлі, расійскага народа і «ўдзельнікаў СВА».