Маляваныч з'язджае з Грузіі. Куды і чаму?
Акцёр Аляксандр Ждановіч, больш вядомы гледачам «Калыханкі» розных перыядаў як Маляваныч, развітваецца з Тбілісі, у якім пражыў два з паловай гады. Ён распавёў «Нашай Ніве» пра прычыны пераезду.
26.06.2024 / 18:23
Аляксандр Ждановіч. Фота з яго фэйсбуку
Аляксандр кажа, што гэтае складанае рашэнне саспявала даўно. Але стрымлівала зрабіць гэты крок сімпатыя да Грузіі і яе людзей. У акцёра з'явілася тут шмат сяброў — як сярод беларусаў, так і сярод грузінаў.
— На жаль, культурніцкае беларускае кола ўвесь час звужалася. Знайсці, з кім запісваць новыя відэа і ладзіць іншыя праекты ўжо практычна не магчыма.
Ён прызнаецца, што яшчэ да вымушанага ад'езду з Беларусі думаў толькі пра Польшчу, бо з гэтай краінай Аляксандра шмат што звязвае.
— На пачатку 90-х, разам з акцёрамі мінскага Рускага тэатра, я ўдзельнічаў у сумесным беларуска-польскім праекце. Вядомы кракаўскі рэжысёр Кшыштаф Ясіньскі, стваральнік тэатра STU паставіў у нас спектакль «Вар'ят і законніца» па п'есе Віткевіча. З таго часу мы пасябравалі з акцёрамі гэтага тэатра. Шмат разоў выступалі разам у Кракаве, у іншых гарадах. У гэтым годзе, магчыма, у мяне адбудзецца стажыроўка ў Кракаўскім тэатры STU.
Але ў якасці новага дому Аляксандр выбраў не Кракаў, а Варшаву. Перш за ўсё з прычыны таго, што гэта асноўны цэнтр беларускага культурніцкага жыцця за мяжой.
— Да таго ж маю гонар быць добра знаёмым з мэтрам польскага кіно Кшыштафам Занусі, з якім таксама рабіў разам спектакль і маю надзею часцей бачыцца ў Варшаве.
Аляксандр распавядае, што ў яго ёсць некаторыя дамоўленасці, планы і надзеі. Але ў пэўным сэнсе ён едзе ў невядомасць. Таму пераязджае з амбівалентным пачуццем надзеі і хвалявання.
— Са мной застаецца тое, што я ўмею, у чым запатрабаваны. Праца з дзецьмі, «Бэйбус», батлейка. Ёсць, канешне, новыя ідэі, якія мару ажыццявіць. Планую працягваць пісаць казкі. У хуткім часе павінны выйсці некалькі новых кніжак. Ёсць ідэі па стварэнні монаспектаклей, як для дзяцей, так і для дарослых. Але разумею, што будзе складана.
Па словах акцёра, Грузію ён пакідае са шчымотай, бо тут яму дыхалася лёгка і вольна.
— Гэта краіна дазваляла заставацца самім сабой, дзялілася сваёй прыгажосцю, сваёй дзіцячай бестурботнасцю. Грузія — неверагодная краіна. Краіна кантрастаў. Яе альбо хтосьці цалкам не прымае, альбо кагосьці яна не адпускае ніколі. У маім жыцці яна застанецца назаўсёды!
У дзень свайго 60-годдзя Аляксандр зладзіў святочную сустрэчу ў Тбілісі, каб не толькі адсвяткаваць юбілей, але і развітацца.
Адкрыта перадзамова на кнігу Маляваныча «Ровар Байсік і згублены званочак»
Дзецям Маляваныча сказалі «чакаць гасцей»
Маляваныч пра тое, як вуліцы Мінска могуць падмануць