Папулярныя прэпараты Ozempic і Wegovy справакавалі зусім нечаканы эфект у жанчын
Звязана гэта з цяжарнасцю.
30.06.2024 / 10:53
Ілюстрацыйная выява. Фота: Getty Images
Папулярныя ў свеце ін'екцыйныя прэпараты для пахудзення і барацьбы з дыябетам Ozempic і Wegovy нечакана спрыяюць цяжарнасці ў жанчын. Прычым з'явіліся выпадкі, калі цяжарылі, нягледзячы на супрацьзачаткавыя лекі ці нават дыягнаставаную бясплоднасць.
Аб гэтым піша навуковы часопіс Nature.
На гэты момант навукоўцы разглядаюць некалькі тлумачэнняў, як такое стала магчымым. Першыя эксперыменты паказалі, што ўвядзенне глюканападобнага пептыда-1 (GLP-1, гармон кішэчніка, які забяспечвае сінтэз інсуліну ў арганізме і адказвае за пачуццё насычэння), якое адбываецца падчас прыёму прэпаратаў Ozempic і Wegovy, моцна зніжае ўплыў кантрацэптываў.
Калі сумяшчаць прэпараты для пахудзення разам з супрацьзачаткавымі лекамі, то эфект ад апошніх зніжаецца да 66% пасля аднаразовага прыёму Ozempic ці Wegovy, бо гармон GLP-1, як аказалася, здольны стымуляваць у арганізме выпрацоўку лютэінавага гармону, які ўплывае на авуляцыю, высветлілі навукоўцы.
Далейшыя эксперыменты на пацуках наблізілі даследчыкаў да тлумачэння раптоўнага з'яўлення фертыльнасці ў бясплодных жанчын. Паводле адной з гіпотэз, аднаўленне метабалічнага здароўя бясплодных жанчын з прычыны прыняцця прэпаратаў для пахудзення магло нармалізаваць гарманальны баланс у іх арганізме і тым самым адрадзіць рэгулярную авуляцыю.
«Хоць пацукі і не з'яўляюцца людзьмі, але ў іх ёсць менструальныя цыклы з фазамі, аналагічнымі фазам у людзей. Нам яшчэ невядомы дакладны механізм аднаўлення фертыльнасці і ступень уплыву на яго з боку GLP-1, але мы амаль упэўнены, што сувязь ёсць.
Мы ўсе чакаем вынікаў наступных эксперыментаў, затаіўшы дыханне», — прызналіся даследчыкі.
На чорным рынку з'явіўся падроблены Ozempic — вельмі небяспечны для здароўя
«У мяне сваяк — пілот, ён прывозіць». Як у Беларусі прадаюць «Азэмпік», які абяцае фігуру мары
Дактары заявілі аб пераацэненасці эфектыўнасці папулярнага прэпарату для пахудзення