Кім Чэн Ын адпраўляе карэйцаў на вайну ва Украіне

Пхеньян плануе ўжо ў ліпені перакінуць у акупаваныя вобласці Украіны будаўнічыя і інжынерныя войскі.

27.06.2024 / 11:33

Уладзімір Пуцін і Кім Чэн Ын у Пхеньяне. Фота: ЦТАК

Кім Чэн Ын адпраўляе карэйцаў на вайну ва Украіне, пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на паўднёвакарэйскі тэлеканал Chosun.

Паводле яго даных, Пхеньян плануе ўжо ў ліпені перакінуць у акупаваныя вобласці Украіны будаўнічыя і інжынерныя войскі.

Гэта тыя паўночнакарэйскія часткі, якія зарабляюць валюту для рэжыму за мяжой пад выглядам будаўнікоў. Цяпер яны служаць у Кітаі.

«Калі б я кіраваў кадравай палітыкай паўночнакарэйскай арміі, я б усумніўся ў рашэнні адправіць свае войскі ў якасці гарматнага мяса на незаконную вайну супраць Украіны. Мы бачылі, якія страты панеслі расійскія войскі», — сказаў афіцыйны прадстаўнік Мінабароны ЗША брыгадны генерал Пэт Райдэр.

На сённяшні дзень КНДР выдзеліла Расіі амаль 2 млн артылерыйскіх снарадаў, ракет для РСЗА і, магчыма, нават балістычныя ракеты. Удзел паўночнакарэйскіх часцей у вайне стане новым этапам эскалацыі канфлікту, піша Bild.

Nashaniva.com