Якая маёмасць ёсць у Дзмітрыя Крутога — новага кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі?
27.06.2024 / 14:53
Калісьці ён быў самым маладым міністрам ва ўрадзе.
Дзмітрыя Крутога 27 чэрвеня 2024 года прызначылі кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі. Фота: прэс-служба Пасольства Беларусі ў Расіі
Дзмітрыю Крутому 43 гады. Да свайго прызначэння кіраўніком лукашэнкаўскай Адміністрацыі ён быў паслом Беларусі ў Расіі.
У розныя гады працаваў таксама міністрам эканомікі, першым намеснікам прэм'ера. Агулам у сістэме дзяржкіравання Круты з 2010 года.
У чыноўніка ёсць чатырохпакаёвая кватэра ў Мінску — на вуліцы Германоўскай, 17 (такія даныя ў базах «Белпола» па стане на 2021 год). Гэта недалёка ад станцыі метро «Кавальская Слабада». Кватэру чыноўнік пабудаваў у 2012 годзе.
10-павярховік на Германоўскай, 17. Фота: «Яндэкс Панарама»
Чатырохпакаёўка ў гэтым доме, амаль такая ж па метражы, як у чыноўніка, цяпер прадаецца амаль за 135 тысяч даляраў.
У жонкі Крутога Марыі, згодна з данымі «Белпола», таксама значыцца ва ўласнасці кватэра ў Мінску. Гэта аднушка ў хрушчоўцы на Карла Лібкнехта, 94. Яе жанчына набыла яшчэ ў 2001 годзе.
Жоўты дом на Карла Лібкнехта, 94. Фота: «Яндэкс Панарама»
Аднапакаёўку ў гэтым доме цяпер можна купіць за 43 тысячы даляраў.