Па даносе чат-рулетчыка затрымалі мінчука. За тое, што падтрымлівае Украіну і не пойдзе супраць яе ваяваць
Раман Ліхадзіеўскі пагутарыў з правакатарам Юрыем Комарам, які выдае сябе за ўкраінца ў чат-рулетцы.
27.06.2024 / 15:12
Раман Ліхадзіеўскі. Фота з ягонай старонкі «Укантакце»
Раману Ліхадзіеўскаму 41 год. Ён мінчук, працаваў кіроўцам у кампаніі «Карлайн».
У адзін з вечароў ён зайшоў у чат-рулетку. Там яму не пашчасціла сутыкнуцца з правакатарам Юрыем Комарам.
У відэа з чат-рулеткі мужчына казаў, што падтрымлівае Украіну ў вайне, не падтрымлівае Лукашэнку, а калі беларусаў будуць пасылаць на вайну з Украінай, то ён будзе сябе калечыць, каб не ісці. За гэта Рамана затрымалі.
Юрый Комар выдае сябе за ўкраінца і правакуе людзей на рэзкія выказванні. Па яго даносах затрымалі дзясяткі людзей, некаторых з іх моцна збівалі пры затрыманні.