У лімузіне Aurus, падораным Пуціным Кім Чэн Ыну, былі дэталі з Паўднёвай Карэі

А гэта краіна — люты вораг КНДР.

28.06.2024 / 11:45

Фота: Gavriil Grigorov, Sputnik, Kremlin Photo via AP

Многія дэталі ў лімузіне Aurus, які прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падарыў падчас свайго візіту ў КНДР лідару Паўночнай Карэі Кім Чэн Ыну, былі імпартнымі, піша Deutsche Welle.

Кампанія Aurus Motors, якая выпускае гэты аўтамабіль, выкарыстоўвае дэталі на мільёны даляраў, якія ўвозяцца з дзяржавы, якую Кім назваў «асноўным ворагам» сваёй краіны — Паўднёвай Карэі. Гэта паказвае на залежнасць Расіі ад заходніх тэхналогій.

З 2018 да 2023 года для зборкі аўтамабіляў і матацыклаў Aurus, згодна з мытнымі запісамі, з якімі азнаёмілася агенцтва Reuters, Расія атрымала з-за мяжы абсталяванне і камплектуючыя на суму не менш за 34 млн даляраў. З Паўднёвай Карэі былі імпартаваныя кузаўныя часткі аўтамабіляў, датчыкі, выключальнікі, зварачнае абсталяванне і іншыя кампаненты на 15,5 млн даляраў. Дэталі паступалі таксама з Кітая, Індыі, Турцыі і краін ЕС.

Замежныя пастаўкі для Aurus Motors працягваліся і пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, пры гэтым з лютага 2022 года было імпартавана абсталявання і дэталяў на суму амаль у 16 млн даляраў, з іх на 5 млн даляраў з Паўднёвай Карэі.

Aurus Motors і яе генеральны дырэктар Андрэй Панкоў не адказалі на запыты Reuters з нагоды выкарыстання замежных дэталяў, у тым ліку з Паўднёвай Карэі, у аўтамабілях кампаніі.

Nashaniva.com