«Студэнтаў-платнікаў у дзяржаўных ВНУ стане больш». Чаму ў Беларусі закрылі адразу два прыватныя ўніверсітэты? 

Цягам месяца стала вядома пра закрыццё адразу дзвюх прыватных ВНУ, яшчэ адна спыніла прыём новых студэнтаў, але абяцае працягнуць дзейнасць з 1 верасня. Выкладчыкі з дзяржаўных універсітэтаў дзеляцца сваім бачаннем сітуацыі.

01.07.2024 / 12:12

Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій. Ілюстрацыйнае фота: grodno.in

Два закрыліся, адзін спыніўся

Першым пра закрыццё паведаміў БІП — Універсітэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналогій, які з'яўляўся адным са найстарэйшых прыватных ВНУ краіны. Апроч галоўнага аддзялення ў Мінску, БІП меў два філіялы — у Гродне і Магілёве.

Спыняе дзейнасць і Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці. Установа працавала з 1992 года. 

Прыватны Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва з гэтага года не будзе набіраць першакурснікаў, іншыя студэнты працягнуць вучобу.

Чаму так адбываецца?

Выкладчык аднаго з буйных дзяржаўных універсітэтаў краіны мяркуе, што ў найбліжэйшай перспектыве ў Беларусі не застанецца прыватных ВНУ. Ён называе адразу некалькі прычын.

«Па-першае, прынамсі ў некаторых прыватных ВНУ, многія студэнты на завочным вучыліся, можна сказаць, фармальна. Людзі проста плацілі грошы за навучанне і ў выніку праз некалькі гадоў атрымлівалі дыпломы дзяржаўнага ўзору», — кажа выкладчык.

З яго слоў, абмяркоўваліся варыянты зрабіць так, каб прыватныя ВНУ працягвалі працу, але выдавалі дыпломы ўласнага ўзору.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Натуральна, што ніхто на такое не пагадзіўся, бо атрыманне дыпломаў не дзяржаўнага ўзору — рэч бессэнсоўная. Гэта ўжо быў бы фактычна не дыплом, а нейкі сертыфікат, які выдаюць пасля праходжання курсаў».

Іншы складнік — палітычны, паколькі дзяржава зацікаўленая, каб студэнты вучыліся менавіта ў дзяржаўных установах. 

«Цяпер студэнтаў вучыцца адчувальна менш, чым 5-10 гадоў таму. Некаторыя кафедры вымушана аб'ядноўваюць». 

Адной з асноўных прычын, чаму так адбываецца, дацэнт лічыць эміграцыю.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Вельмі шмат выпускнікоў школ паступаюць за мяжу. Пераважна ў Еўропу, часцей за ўсё ў Польшчу, але стае і тых, хто паступае ў Расію. Нярэдка абітурыенты падаюць дакументы адразу ў Беларусі і за мяжой.

Таму бываюць выпадкі, калі студэнт праходзіць па балах, універсітэт чакае, што ён будзе вучыцца, але ён не прыходзіць, бо паступіў у замежную ВНУ. І гэта часцяком абітурыенты з вельмі высокімі баламі», — кажа суразмоўца.

Таму, на думку выкладчыка, закрыўшы паступова прыватныя ВНУ, дзяржава вырашае адразу некалькі праблем.

«Частка дзейных студэнтаў прыватных універсітэтаў і свежыя абітурыенты пойдуць вучыцца ў дзяржаўныя. Студэнтаў-платнікаў такім чынам стане больш. Гэта таксама мусіць пазітыўна адбіцца на нагрузцы, бо маладым выкладчыкам часам яе не хапае праз малую колькасць студэнтаў. Да таго ж, вальнадумства ў недзяржаўных ВНУ ўсё адно заставалася крыху больш. Таму дзяржава тут з яе пункту гледжання толькі выйграе».

Што тычыцца зачыстак, то, мяркуе выкладчык, усіх, каго хацелі звольніць, ужо звольнілі. 

«Адзінае, што цяпер нікога асабліва не трымаюць. Калі раней нехта хацеў звольніцца, то яго адгаворвалі, прасілі застацца. Цяпер так не робяць. Не хочаш працаваць — калі ласка, звальняйся. А вось вярнуцца амаль немагчыма», — кажа суразмоўца.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Яму вядомы шэраг выпадкаў, калі выкладчыкі, якія пакінулі працу з тых ці іншых прычын, не змаглі зноў уладкавацца.

«Цяпер усіх кандыдатаў правярае служба бяспекі. Дык вось нікога з тых, хто раней працаваў і захацеў вярнуцца на працу, не прынялі, бо іх пасады не ўзгаднілі».

«Паралельна змагаюцца з тым, каб дзеці не паступалі за мяжу»

Іншыя суразмоўцы з ліку выкладчыкаў называюць закрыццё прыватных ВНУ нічым іншым, як працягам зачыстак у сістэме адукацыі.

«Прыватныя садкі і школы ўжо зачысцілі, цяпер надышла чарга ўніверсітэтаў, таму я тут не бачу нічога дзіўнага», — кажа выкладчык.

Суразмоўца таксама выказвае меркаванне, што лёс БІПа і ІПД неўзабаве раздзеляць іншыя прыватныя ВНУ. 

«У выкладчыцкім асяроддзі папулярнае меркаванне, што ВНУ, якія не закрыюць сёлета, спыняць працу ў наступным годзе».

Выкладчык звяртае ўвагу, што апошнім часам беларускія ВНУ скарачаюць колькасць месцаў для платнікаў, аддаючы больш перавагі бюджэтнікам. 

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Імаверна, такім чынам яны намагаюцца зрабіць так, каб выпускнікі не раз'язджаліся з краіны, не сыходзілі ў бізнэс. Чалавек, які вучыцца на бюджэце, мусіць пасля адпрацаваць, каб не плаціць шалёныя грошы ВНУ.

Паралельна ў нас актыўна змагаюцца з тым, каб дзеці не паступалі за мяжу. Ведаю, што кіраўніцтвам школ і ліцэяў дастаецца, калі вялікі працэнт выпускнікоў з'язджаюць вучыцца за мяжу. Ёсць выпадкі, калі больш за палову вучняў з класа з'ехалі». 

На назіраннях суразмоўцы, апошнім часам у беларускіх ВНУ расце колькасць студэнтаў-замежнікаў з такіх краін, як Кітай і Туркменістан.

Адна з беларускіх прыватных ВНУ перайшла кітайцам

Nashaniva.com