Шры-Ланка запытала ў Расіі кампенсацыю за забітых на вайне ва Украіне наёмнікаў

Пытанне аб выплатах сем'ям забітых і параненых уздымалася на перамовах у Маскве падчас візіту дэлегацыі Шры-Ланкі на чале з дзяржміністрам замежных спраў Таракам Баласурыяй, піша Расійская служба Радыё Свабода.

28.06.2024 / 14:20

Ланкійцы, што ваявалі на баку Расіі. Фота: The Diplomat

Прадстаўнікі Шры-Ланкі сустрэліся з намеснікам кіраўніка МЗС Расіі Андрэем Рудэнкам і намеснікам міністра абароны Аляксандрам Фаміным. На перамовах ішла размова аб выплаце кампенсацый сем'ям 17 загінулых і параненых на вайне, датэрміновым скасаванні кантрактаў завербаваных і выплаце ўзнагароджанняў. Колькасць параненых у паведамленні ланкійскага МЗС не прыводзіцца.

Усяго, паводле звестак СМІ, у расійска-ўкраінскай вайне з абодвух бакоў удзельнічаюць не менш за дзве тысячы ланкійцаў.

МЗС Расіі наконт падрабязнасцяў сустрэчы не інфармавала.

Раней МЗС Шры-Ланкі паведамляў, што на вайну многіх ланкійцаў вербавалі падманам. Расійскі бок, як сцвярджаецца, абяцаў наймітам высокія заробкі, працу ў тыле і грамадзянства.

Разам з тым у канцы мінулага года ланкійскія ўлады спынілі ў краіне працу агенцтва, якое вербавала грамадзян для ўдзелу ў баявых дзеяннях на баку Украіны.

Nashaniva.com