Выйшаў на волю палітзняволены Дзмітрый Шчарбін

26 чэрвеня выйшаў на волю, цалкам адбыўшы пакаранне, былы палітзняволены Дзмітрый Шчарбін са Жлобіна, піша «Гомельская вясна».

28.06.2024 / 17:20

Дзмітрый Шчарбін

Дзмітрыя Шчарбіна затрымалі ў кастрычніку 2023 года за каментары ў сацыяльных сетках. На яго была заведзена крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы) Крымінальнага кодэкса.

28 лютага суддзя Гомельскага абласнога суда Вадзім Бобыраў прысудзіў Дзмітрыя да 1 года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пакаранне ён адбываў у папраўчай калоніі № 17 у Шклове.

Пры гэтым пасля таго, як Дзмітрыя затрымалі, сілавікі паведамлялі ў сваім канале:

«Пасля шчырай гутаркі з супрацоўнікамі праваахоўных органаў і выразнай ацэнкі сваіх дзеянняў ён можа спакойна жыць і працаваць. Так што міліцыя выкарыстоўвае не толькі сілавыя метады, але і размовы па душах. Палку ніхто не перагінае».

Але ўрэшце аказалася, што гэта толькі нічога не вартыя словы. 

12 сакавіка праваабарончая супольнасць прызнала Дзмітрыя Шчарбіна палітзняволеным. 24 мая Міністэрства ўнутраных спраў унесла яго ў спіс «асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

Работніка БМЗ, якога абяцалі адпусціць, прысудзілі да года калоніі за распальванне варожасці

Nashaniva.com