Літоўская мытня пастрожыць праверкі на мяжы з Беларуссю
Будуць праводзіцца рэгулярныя праверкі і рэйды.
29.06.2024 / 10:42
Ілюстрацыйнае фота
Крымінальная служба мытні Літвы і Літоўская адміністрацыя транспартнай бяспекі будуць праводзіць рэгулярныя рэйды на памежных з Беларуссю пастах і дэталёвыя праверкі. Прычынай стала раскрытая новая схема абыходу санкцый, паведамляецца на сайце літоўскай мытні.
Паводле версіі літоўскага боку, грузавыя цягачы з паўпрычэпамі зарэгістраваных у Літве кампаній выязджаюць у Беларусь і Расію для перавозкі грузаў, але так і не вяртаюцца. Па такое схеме вывозяць і люксавыя аўтамабілі.
Заўважана, што асобныя людзі рэгіструюць на сваё імя транспартныя сродкі, якія выязджаюць, але затым не вяртаюцца ў Літву», — канстатуе мытня Літвы.
У сувязі з гэтым мытня Літвы нагадвае, што артыкул 15 закона аб міжнародных санкцыях прадугледжвае штраф ад 50 да 100% кошту тавару і не менш за 10 тысяч еўра за такія парушэнні санкцый у дачыненні да юрыдычных асоб.
Першыя рэйды, праведзеныя на пунктах пропуску «Меднікі» (Мядзінінкай) і «Салечнікі» (Шальчынінкай) выявілі такія парушэнні, як адсутнасць дзейных пасведчанняў, кіраванне без выкарыстання або выкарыстання падробленай карты кіроўцы і да т.п. такія парушэнні выкарыстоўваюцца як інструмент для абыходу санкцый ЕС супраць Расіі і Беларусі, дапамагаючы некаторым кампаніям знаходзіць глебу для незаконнай дзейнасці.