Палітвязня, у якога выпусцілі пяць гумовых куль, зноў будуць судзіць

Цімура Рызапура будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»

29.06.2024 / 13:22

Цімура затрымалі 30 верасня 2020 года ў Брэсце. Увечары 10 жніўня, калі ён вяртаўся з працы дадому, яго падстрэлілі гумавымі кулямі пяць разоў: адзін раз — у жывот і чатыры разы — у ягадзіцу, піша «Вясна».

Пазней яго абвінавацілі ва «ўдзеле ў масавых беспарадках» паводле ч. 2 арт. 293 КК. Цімура на волі чакаюць жонка і трое непаўнагадовых дзяцей.

Цімуру прызначылі 4,5 гады калоніі. Тэрмін палітвязень спачатку адбываў ў наваполацкай калоніі. Адміністрацыя рэгулярна змяшчала яго ў штрафны ізалятар, а потым перавяла ў ПКТ. Пазней яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым.

Цяпер стала вядома, што 10 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва над ім распачнецца суд паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Справу будзе разглядаць суддзя Наталля Панасенка.

Падтрымаце Цімура лістамі і тэлеграмамі: Турма № 4, 212011, Магілёў, Крупскай, 99А, Цімур Набіевіч Рызапур

Nashaniva.com