«Сітуацыя складаная» — Павел Муравейка пракаментаваў становішча на паўднёвых рубяжах
«І яна мяняецца кожны дзень, прычым не ў лепшы бок», — кажа начальнік Генштаба.
29.06.2024 / 15:14
Разгортванне «Паланэзу» ля ўкраінскай мяжы. Скрыншот відэа Мінабароны
Начальнік Генштаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка выказаўся аб становішчы на паўднёвых рубяжах краіны:
«Становішча на нашай паўднёвай мяжы дастаткова складанае. І яна мяняецца кожны дзень, прычым не ў лепшы бок.
У нас 1084 кіламетры дзяржаўнай мяжы з Украінай. Літаральна ў апошнія тыдні мы назіраем пакуль нічым не абгрунтаваную і пакуль незразумелую нам актыўнасць ля нашых межаў з боку Украіны.
У населены пункт Оўруч на ровенска-жытомірскім напрамку прыбылі падраздзяленні спецыяльнага прызначэння 1-й прэзідэнцкай брыгады. Спецназ паблізу ад дзяржаўнай мяжы заўсёды насцярожвае. І гэта тыя аб'екты, якія фарміруюць рэальныя выклікі, якія здольныя насыціць нашу тэрыторыю дыверсійна-разведвальнымі групамі, здольныя праводзіць правакацыі.
Акрамя таго, мы бачым перамяшчэнне войскаў, перыядычныя палёты беспілотнікаў тыпу «Байрактар» паблізу ад дзяржаўнай мяжы. Мы сутыкаемся з правакацыямі па дзеяннях беспілотнай авіяцыі на тактычным узроўні, якая парушае нашую Дзяржаўную мяжу.
Мы бачым, што адбываецца мініраванне і нарошчванне інжынерных загарод.
Мы вымушаны перамяшчаць туды нашы падраздзяленні, уступаць ва ўзаемадзеянне з органамі пагранічнай службы, нарошчваць асобныя напрамкі і рыхтавацца да прыкрыцця, а таксама рухаць туды артылерыю для таго, каб своечасова быць здольнымі адрэагаваць.
Я скажу, што абстаноўка няпростая. Калі пакуль відавочных правакацый магутных, рэзанансных не адбылося, то гэта толькі дзякуючы таму разумнаму сэнсу, які ёсць на ўсіх узроўнях камунікацыі і ўзаемадзеяння. Гэта і палітычныя дасягненні, гэта і памежнае ўзаемадзеянне, гэта і дзеянні нашых падраздзяленняў, у тым ліку паблізу мяжы. Але рэальныя выклікі, умовы для таго, каб зрабіць нейкія маніпуляцыі, сёння выразна праглядаюцца. Мы гэта бачым, і мы трымаем руку на пульсе», — рэзюмаваў першы намеснік міністра абароны.
Мінабароны: Украіна размясціла падраздзяленні спецназу на мяжы з Беларуссю
Памежны камітэт Беларусі ўгледзеў «Рускі добраахвотніцкі корпус» на мяжы з Украінай
Мінабароны адправіла «Паланэзы» на прыкрыццё мяжы ВІДЭА