Слава Камісаранка расказаў, як яго канцэрты чатыры разы мініравалі

Стэндапер Слава Камісаранка падзяліўся, хто стаяў за выпадкамі мініравання залаў, дзе праходзілі яго выступленні, і чаму так не атрымалася з Осла.

29.06.2024 / 20:47

Слава Камісаранка. Скрын відэа: slavakomissarenko / YouTube

Пра дзіўныя выпадкі мініравання Слава Камісаранка расказаў падчас свайго выступлення ў Празе. Ягоны запіс стэндапер выклаў у сваім канале ў ютубе.

Адказваючы на пытанне, чаму канцэрт у Брно (Чэхія) у мінулым годзе скончыўся раней, Камісаранка адказаў:

«У нас замініравалі зал. Па факце яго не замініравалі. Проста ў нас псіх скраў грошы з Польшчы. І на кожны канцэрт звоніць і гаворыць, што канцэрт замініраваны».

Канцэрт у Празе адбыўся без эксцэсаў, бо квіткі на яго прадаваліся праз таргецінгаваную рэкламу. Як тлумачыць комік, «калі прадаваць праз сайт, то дал***б усё мініруе».

Па словах Камісаранкі, гэты чалавек «мініраваў» кожны канцэрт у апошнія чатыры месяцы, акрамя канцэрта ў Осла.

«Я спачатку думаў: «Госпад дапамог». А потым высветлілася, што ён яго таксама «замініраваў». Проста, калі ён званіў, ніхто трубку не ўзяў», — тлумачыць Камісаранка і дадае:

«Мне падабаецца гэты еўрапейскі падыход да спраў. Ён яшчэ [электронны] ліст пісаў, што ўсё замініравана. Яго ён адправіў у пятніцу. А яны ўжо а 12-й гадзіне ўсе пайшлі дахаты. А ў панядзелак прыходзяць і — «Нічога сабе! Мы ў пятніцу былі замініраваныя!»

Слава Камісаранка адзначыў, што ягоная каманда рассакрэціла чалавека, які займаецца «мініраваннем» яго канцэртаў, і паабяцаў, што хутка яго зловяць.

Слава Камісаранка распавёў, як у Турцыі яму забаранілі жартаваць пра вусатага прэзідэнта

Слава Камісаранка: Я цяпер жыву адзін

«Выступленне коміка не скончылася раней». Чэшская паліцыя расказала, што адбылося з канцэртам Славы Камісаранкі ў Брне

Nashaniva.com